«Калі, нарэшце, адрамантавалі прагулачныя дворыкі і Мікалая пачалі выводзіць на паўгадзінную прагулку, ад яго пачалі патрабаваць гэтыя дворыкі прыбіраць за іншымі. Безумоўна, ён адмовіўся. Пенсіянер жа. У выніку кожная "прагулка" заканчваецца спагнаннем.
Я даведалася, што нашым "падзельнікам" (6 чалавек) прад'явілі чарговы «пазоў» ад ГП, усяго толькі на 22 мільёны (лічба недакладная, са словаў). А за што, ведаеце? За цяжкія працоўныя пазапланавыя высілкі "любіцеляў мастацтва" ў 2020-м. Асаблівая вытанчанасць у тым, што ўсе, без выключэнняў, нашы хлопцы былі арыштаваныя ў траўні-чэрвені 2020-га».
Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Пазней быў арыштаваны на 15 сутак. 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд над палітыкам, які пакараў яго яшчэ 15 суткамі.
30 чэрвеня Мікалай Статкевіч павінен быў выйсці на волю пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак напярэдадні ўвечары жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў, што палітык падазраецца ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу ("Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). 15 снежня Мікалаю Статкевічу прад'явілі новае абвінавачванне па п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — "падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках".
Мікалая Статкевіча ў выніку пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў).
14 снежня 2021 быў вынесены прысуд Мікалаю Статкевічу: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
31 траўня 2022 у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме пачалі разглядаць апеляцыйныя скаргі шасці фігурантаў «справы Ціханоўскага». На наступны дзень суд пастанавіў пакінуць прысуды без зменаў.
20 чэрвеня быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. Адміністрацыя папраўчай установы паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму, а ў ліпені пазбавіла рэжымнай перадачы і змясціла на 8 сутак у ШІЗА.
5 жніўня Міколу змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру.