Калонія №1 - «новая». Раней пад Наваполацкам дзейнічала папраўчая калонія №10, але яе закрылі і на месцы былога ЛПП, ужо ў самім горадзе, у 2017-м годзе адкрылі калонію №1, якая разлічаная прыкладна на паўтары тысячы чалавек. І ў выбары месца - першая адметнасць калоніі. Яна знаходзіцца ў горадзе проста паміж двума хімічнымі заводамі - «Нафтанам» і «Палімірам». Экалогія месца кепская. Былыя вязні кажуць, што на тэрыторыю калоніі часта «заходзяць дымы», ад чаго асабліва моцна пакутуюць людзі з хворымі лёгкімі.
Агулам вязні там жывуць у казарменных умовах, спяць на двухпавярховых ложках — «пальмах».
Другая адметнасць калоніі, пра якую кажуць людзі, якія пабачылі розныя зоны, у тым, што ў дачыненнях паміж зняволенымі і адміністрацыяй усё цалкам зарэгламентавана - ніякіх паслабленняў, выкліканых чалавечымі пачуццямі, чакаць не выпадае.
«У калоніях ўсталяваны ўнутраны распарадак, якім кіруюцца ўсе асуджаныя: пад'ём, запраўка ложкаў, сняданак і гэтак далей. Калі ў іншых папраўчых калоніях дапушчальна без рэакцыі з боку адміністрацыі адхіліцца ад распарадку і, напрыклад, не пайсці на сняданак, ці аддаць свой іншаму чалавеку, ці прысесці на спальнае месца цягам дня і гэтак далей, то ў ПК №1 гэта папросту немагчыма. Першы раз — вымова, другі раз — памяшканне камернага тыпу, потым - штрафны ізалятар. Шкадавання не бывае, усё строга па законе, многія праз гэта праходзяць», — кажа той, хто прайшоў праз ПК-1.
ПКТ азначае «памяшканне камернага тыпу», на турэмным слэнгу «БУР» — «барак узмоцненага рэжыму». Фізічна гэта як асобная камера, але з шэрагам абмежаванняў: бандэроль - раз на паўгода, прагулка - на трыццаць хвілін, магчымасць закупіцца толькі на адну базавую велічыню раз на месяц і гэтак далей. ПКТ даецца адразу на вялікі тэрмін, на месяцы.
ШІЗА — гэта штрафны ізалятар у самой калоніі. Там пад забаронай ужо ўсё - спатканні, трата грошай, пасылкі, лісты і гэтак далей.
Траплянне зняволенага ў ПКТ ці ШІЗА тэарэтычна можа пацягнуць прымяненне 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу - «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», паводле першай частцы якога зняволенаму можна «дакінуць» яшчэ да аднаго году пазбаўлення волі.
Падрыхтаваў Міхась Пісараў