Аўторак, 20 Красавік 2021

«Нават у душ вадзілі ў наручніках». Пасля 25 сутак на волю выйшла Крысціна Юдзіна

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Адразу па вызваленні. Фота: АТ. Адразу па вызваленні. Фота: АТ.

Увечары 19 красавіка з віцебскага ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) выйшла на волю Крысціна Юдзіна, якая была затрыманая на Дзень волі і адбыла за кратамі 25 содняў адміністрацыйнага арышту паводле арт. 23.34 КаАП. Сустракаць Крысціну да СІЗА-2 ў Віцебску прыйшлі яе сябры і знаёмыя.

«Забаронена амаль усё»

Па вызваленні Крысціна Юдзіна паведаміла, што ўмовы ўтрымання ў віцебскім ІЧУ значна пагоршыліся ў параўнанні з тым, як было раней. З 1 красавіка ў ІЧУ ўвялі рэжым, які прадугледжвае шмат забаронаў.

«Апошнія 19 сутак я правяла ў вельмі цяжкіх умовах: забаронена амаль усё. Нават кнігі і сшытак з асадкай выдаюць толькі на 30 хвілін у дзень. Па калідорах мяне вадзілі ў наручніках, нават у душ», – расказала Крысціна Юдзіна.

Прасіла лекі – прапанавалі весці здаровы лад жыцця

Паводле Крысціны, яе хацелі адправіць адбываць суткі ў камеру адну. Каб выказаць пратэст, яна адмовілася ад ежы. Толькі пасля гэтага дзяўчыну перавялі ў іншую камеру.

«Калі толькі трапіла ў ІЧУ, мяне апытаў лекар, пацікавіўся, ці ёсць у мяне хранічныя захворванні. Я пералічыла ўсе свае хваробы. Але гэта ніякім чынам не паўплывала на ўмовы адбыцця. Калі я прасіла таблеткі амепразолу ад гастрыту, лекарка мне адмовіла і параіла звярнуцца да сваякоў. А начальнік ІЧУ прапанаваў весці здаровы лад жыцця», – распавяла віцяблянка.

У палітычных забіраюць матрацы

Яна кажа, што цяпер ад 6-й раніцы і да самага адбою з камеры забіралі матрац і коўдру. Прыходзілася сядзець увесь дзень на лаўцы ці на падлозе, падаслаўшы ручнік.

«Як даведалася, матрацы забіралі толькі з тых камер, дзе сядзяць палітычныя. Сукамернікі, якіх перавялі з Полацку, таксама былі пазбаўленыя магчымасці карыстацца матрацамі днём. На гэтай падставе нават узнік канфлікт. Каб не рабіць нікога закладнікам гэтай сітуацыі, я папрасілася ў асобную камеру», – тлумачыць Крысціна.

Па яе словах, яна двое сутак адседзела ў камеры адна. Кажа, што, калі б яе не выводзілі на працу, то ў такіх умовах можна было б звар'яцець.

Перадачы забаранілі

«Перадачы ад 1 красавіка таксама забаранілі. Да гэтага часу я паспела атрымаць адну, астатнія, з пазнакай «возврат», я атрымала, калі выйшла з ізалятару. Прычым мне не перадалі нават сродкі гігіены, якія ў самім ізалятары ніхто не выдаваў», – паведаміла.

Таксама ад пачатку красавіка зʼявілася новае правіла: падʼём па 2 разы за ноч на праверку.

Пасля 25 сутак у такіх умовах Крысціна адчувае сябе не вельмі добра, па дарозе дахаты скардзілася на галавакружэнне і слабасць.

«Заплакала толькі аднойчы...»

«За 25 сутак я заплакала толькі аднойчы, хоць маю чуллівы характар. Я не хацела, каб міліцыя бачыла мае слёзы», – прызнаецца Крысціна Юдзіна.

Крысціна Юдзіна каля сцен СІЗА-2 у Віцебску

За ўтрыманне ў ізалятары Крысціне давядзецца заплаціць 362 рублі. Яна мае намер дазнацца, ці мелі супрацоўнікі ІЧУ законныя падставы ставіцца такім чынам да яе і сукамернікаў.

Нагадаем, да арышту яе прысудзіла 26 красавіка ў выязным паседжанні суддзя Вераніка Барысава (суд Першамайскага раёну). У 2020 годзе Крысціну Юдзіну затрымлівалі неаднойчы, пасля чаго кідалі на суткі ў ізалятар.

А. Радцэвіч