“Калі мінуў межы Беларусі, падумаў: нарэшце!..”
“Прайшоў амаль што год, як мяне вызвалілі з папраўчай калёніі “Віцьба-3”. Першы месяц пасьля вызваленьня немагчыма апісаць словамі. Я проста ня мог паверыць, што ўжо на свабодзе і вярнуўся дамоў. Калі мяне прывезьлі ў менскі аэрапорт, я ўспомніў усё, што са мной адбывалася, бо тыя жахі пачаліся менавіта адсюль. Мая маці хацела сфатаграфаваць мяне на фоне тэрміналу, але я адмовіўся і зьбег. Так, зьбег, як малое дзіця, але ў той момант я не хацеў больш заставацца ў Беларусі…
Мой першы візыт у Беларусь скончыўся тым, што я апынуўся за кратамі. Але гэтага было дастаткова, каб склалася ўражаньне пра краіну.
Даічы (у цэнтры) зь сям'ёй і сябрамі пасьля вызваленьня. Фота: Daichi Yoshida
Калі я адшукаў сваё месца на борце, мне падалося, што я лячу першым клясам, хоць насамрэч гэта былі месцы ў эканом-клясе. І калі самалёт мінуў паветраныя межы Беларусі, я падумаў: “Нарэшце!”
“Судзьдзя быў падобны да пудзіла”
“Пасьля турмы ў нас былі некаторыя праблемы з пазыкамі, таму што мая сям’я патраціла шмат грошай, наведваючы мяне ў вязьніцы.
Часам мне здавалася, што гэта марныя траты грошай, асабліва тады, калі мая маці хадзіла ў суд. Таму што беларускі суд нагадваў паляваньне на ведзьмаў. Ні справядлівасьці, ні лёгікі. Судзьдзя быў падобны да пудзіла. Нават прадстаўнікі амбасады, якія там прысутнічалі, ператваралі гэты працэс у нейкае недарэчнае шоў.
Але ўсё гэта ў мінулым. Цяпер я займаюся ілюстрацыяй і катаньнем на матацыкле.
Фота: Daichi Yoshida
Праўда, штомесячныя выплаты ў 700 даляраў не давалі мне забыцца на жахлівае мінулае…”
“Яны сьмяяліся зь мяне, нібы я быў жывёлінай…”
“У вязьніцы я знаходзіўся 11 месяцаў, а потым 9 месяцаў правёў у папраўчай калёніі №3. Першыя тры месяцы былі проста жахлівымі. Усе ахоўнікі глядзелі на мяне, быццам я зь іншай плянэты.
Яны сьмяяліся зь мяне, нібы я быў жывёлінай альбо рабом.
Я знаходзіўся тады ў турме №8, у камэры 31. Гэта было маленькае памяшканьне, у якім адначасова знаходзілася 14 чалавек. Практычна ўсе палілі. А вокны ў гэтым цесным пакоі адчыняць было нельга, і таму там было як у газавай камэры”.
“Адвакат баяўся казаць праўду…”
“Мяне перавялі ў СІЗА-1 пасьля трох месяцаў турмы. Суд пачаўся 30 лістапада 2016 году. І гэты суд быў найгоршым досьведам у маім жыцьці. Гэта было сапраўднае паляваньне на ведзьмаў.
Па-першае, мне ня далі перакладзеных на японскую мову дакумэнтаў. І самае неверагоднае, што ў гэтых дакумэнтах былі памылкі. Цяжкасьць абвінавачаньняў зьмянялася на вачах. За такія дзеяньні можна было б прад’явіць пазоў да ўладаў, але ў гэтай краіне звычайна так і адбываецца.
І нікому да гэтага няма справы, нават самім абвінавачаным.
Непрыемна зьдзівіў таксама адвакат, бо баяўся сказаць праўду і таму звычайна згаджаўся з тым, што казаў пазоўнік. Я памятаю, што, калі мы сустракаліся ў СІЗА-1, ён напісаў мне, каб я не казаў нічога кепскага пра гэтую краіну, бо, маўляў, усе нашыя размовы праслухоўваюцца”.
“Гэта не краіна, а вёска з прывідамі Саветаў”
“Тады я зразумеў, што гэта не краіна, гэта нейкая вёска з прывідамі Саветаў. Канстытуцыя Беларусі – мёртвая, а таму законы бескарысныя. А калі хтосьці скажа слова супраць, яго задушаць і фізычна, і маральна.
Спачатку яны забіраюць у цябе магчымасьць выказвацца, потым не даюць дапамагчы табе іншым і ў выніку кідаюць за краты.
Малюнкі былога зьняволенага. Фота: Daichi Yoshida
Многія беларусы падаюцца мне нясталымі. У вязьніцы сустракаюцца розныя людзі – былыя судзьдзі, паліцэйскія, дзяржслужбоўцы, злачынцы. Але ўсе яны падобныя адзін да аднаго тым, што ня ведаюць слова “роўнасьць”. Яны гатовыя падпарадкоўвацца і ўнікаць праўды, бо ім падаецца, што так прасьцей.
“Беларусы спавядаюць пацыфізм, але гэта не заўсёды слушна”
“Чалавек можа пераадолець мноства цяжкасьцяў. Знайсьці працу альбо ўтрымліваць сям’ю таксама бывае няпроста, але такія праблемы рана ці позна вырашаюцца.
Аднак людзі мусяць пратэставаць супраць аўтарытарнага рэжыму і супраць узурпацыі. Важна, каб беларусы зразумелі гэта.
Я ведаю, што яны аддаюць перавагу пацыфізму, але гэта не заўсёды слушна. Бо нельга ў імя пацыфізму ўхіляцца ад выказваньня свайго меркаваньня і барацьбы”.
“Гэта тое, што я хацеў бы сказаць Лукашэнку”
Вось пра што я думаў, пакуль быў у калёніі. Мне было маркотна. Такую ж долю са мной разьдзялілі ў калёніі Джэрарда Геді з Калюмбіі, Аляксандар Сэлемон і Нобрэ Фройд з Марокка, Фуан Чэнг з Кітаю. Праблема ў тым, што Беларусь дагэтуль зьяўляецца terra incognita для замежнікаў. Канечне, не ва ўсіх краінах сьвету ўсталяваная на сёньня дэмакратыя. Але пасьля развалу Савецкага Саюзу некаторымі краінамі Эўропы працягваюць кіраваць дыктатары. І многім людзям – усё адно.
Даічы Ёшыда, 2019 год. Фота: Daichi Yoshida
Я хацеў сказаць, што людзі мусяць паважаць свабоды і правы чалавека, таму што гэта сапраўды важныя рэчы. Мы мусім паважаць нашых продкаў, якія змагаліся за роўнасьць і дэмакратыю. Гэта тое, што я хацеў бы сказаць Лукашэнку. Не стаўцеся з абыякавасьцю да сваёй гісторыі!”
Што трэба ведаць пра справу Даічы Ёшыды
- 15 жніўня 2016 году Даічы Ёшыда вяртаўся на радзіму з мастацкага фэстывалю ў Адэсе. Вылецеў з Кіева ў Токіё маршрутам з транзытнымі перасадкамі ў аэрапортах Менску і Абу-Дабі.
- Служба бясьпекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі (правозіў набытыя ў Кіеве дэактываваныя дэталі вінтоўкі Мосіна), якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусьціла яго на рэйс.
- У Менску Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня за незаконны правоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі.
- Быў нечакана вызвалены паводле рашэньня Вярхоўнага суду 22 траўня. Вярхоўная калегія ВС зьмяніла прысуд, прызнаўшы яго “празьмерна строгім”.
- Даічы Ёшыда забаронены ўезд у Беларусь на 5 гадоў.
Даічы Ёшыда, спэцыяльна для “Віцебскай вясны”