Жорсткае абыходжаньне можа выглядаць як цалкам законнае дзеяньне. Напрыклад, адміністрацыі месцаў пазбаўленьня волі зьмяшчаюць зьняволеных, якія ня хочуць выконваць зьняважлівыя ўказаньні ці займацца зьневажальнымі працамі ў загадзя больш цяжкія ўмовы – штрафны ізалятар, памяшканьне камэрнага тыпу, турму. Ім адмаўляюць у заслужаным скарачэньні тэрміну адбыцьця пакараньня, а то і падаўжаюць яго.
Пад такія рэпрэсіі могуць трапіць палітвязьні ды тыя са зьняволеных, якім міліцыя ня хоча ці ня можа процідзейнічаць законнымі мэтадамі. Магутным рычагом для такіх дзеяньняў зьяўляецца артыкул 411 Крымінальнага кодэксу, які дагэтуль захаваўся ў беларускім заканадаўстве.
Артыкул 411 КК – спосаб барацьбы зь непакорлівымі вязьнямі. Штогод дзясяткі асуджаных не выходзяць на волю пасьля заканчэньня тэрміну пакараньня: некалькі спагнаньняў па надуманых падставах – і запускаецца адладжаны мэханізм штампоўкі новага тэрміну. Магчыма, ёсьць у турмах і калёніях тыя, хто напраўду ў сваім злосным непадпарадкаваньні законным патрабаваньням адміністрацыі мае на мэце супрацьдзейнічаць ёй у ажыцьцяўленьні яе функцый, аднак нам, у ПЦ “Вясна”, даводзіцца збольшага мець справу цалкам зь іншымі выпадкамі.
Па сэнсе дыспазыцыі артыкулу 411 крыміналізаванае толькі тое непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якое зьяўляецца формай супрацьдзеяньня адміністрацыі ў ажыцьцяўленьні яе функцый. То бок ня кожная сукупнасьць дысцыплінарных правінаў зьяўляецца злачыннай. У большасьці выпадкаў дысцыплінарныя правіны ня маюць на мэце процідзеяньня адміністрацыі ў “ажыцьцяўленьні яе функцый”, і рэакцыя на іх можа абмяжоўвацца выключна дысцыплінарнымі захадамі.
Абсалютным рэкардсмэнам, які вядомы праваабаронцам, стаў Уладзімер Бандарэнка, які ўжо восем (!) разоў быў асуджаны да пазбаўленьня волі па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу. За гэты кошт яго першапачатковы, і без таго немалы (8,5 гадоў) тэрмін зьняволеньня павялічыўся практычна ўдвая.
Калёнія ў Глыбокім
Уладзімер Бандарэнка яшчэ ў 2003 годзе быў асуджаны да пазбаўленьня волі на 8,5 гадоў. І хоць ягоны тэрмін пакараньня за ўчыненае злачынства мог скончыцца больш за 5 год таму, ён да гэтага часу знаходзіцца ў калёніі ў Глыбокім. І засталося “сядзець” яму яшчэ як мінімум два гады.
Вось, напрыклад, якія парушэньні суд ацаніў у паўтара года калёніі: “адмовіўся выканаць загад адміністрацыі ПУ” (за што быў падвергнуты дысцыплінарнаму спагнаньню ў выглядзе пераводу ў памяшканьне камэрнага тыпу тэрмінам на 3 месяцы); двойчы “адмовіўся зрабіць уборку дворыка для шпацыраў», за што атрымаў дысцыплінарнае спагнаньне ў выглядзе вымовы і пазбаўленьня чарговага доўгатэрміновага спатканьня. Трэцяя адмова ад уборкі пацягнула ўзбуджэньне крымінальнай справы.
Спытаеце: а што гэта за прагулачны дворык такі, ён вельмі брудны ці што? Не, можа, і не брудны. Проста паводле “паняцьцяў”, пра існаваньне якіх адміністрацыя ня проста ведае, а і сьвядома дапускае і рэгулярна выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах, такая праца можа зьмяніць стаўленьне іншых зьняволеных да Бандарэнкі.
За рэдкім выключэньнем, яго не прадстаўляў адвакат і ягоныя прысуды не абскарджваліся ў касацыйным, апэляцыйным і наглядным парадку.
Магчымасьці юрыстаў ПЦ “Вясна” абмежаваныя, але нават простае вывучэньне сямі з названых прысудаў дазволілі скласьці абгрунтаваныя наглядныя скаргі. Прафэсійная юрыдычная дапамога пры разглядзе справы ў судзе, вывучэньне матэрыялаў справы і пратаколу судовага паседжаньня, напэўна, маглі б паўплываць на вынікі ў гэтых справах.
Як мусіла б выглядаць скарга Бандарэнкі аб пераглядзе прысудаў у парадку нагляду
Асуджаны за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі Сьвятаслаў Барановіч, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі №1 у Наваполацку, некалькі разоў спрабаваў абскардзіць дысцыплінарныя спагнаньні, якімі яго шчодра адорвае кіраўніцтва калёніі.
Сьвятаслаў Барановіч
На судовым паседжаньні 5 лістапада 2018 году, дзе разглядаліся ягоныя скаргі, ён шчыра расказаў аб некаторых падрабязнасьцях таго, як раз за разам атрымліваў па 10 сутак ШІЗА. Па водле словаў Барановіча, на яго аказваўся псыхалягічны ціск з боку адміністрацыі і супрацоўнікаў калёніі.
Сьвятаслаў паведаміў таксама, што з 15 спагнаньняў, ён прызнаў сябе вінаватым толькі ў чатырох, і то толькі праз ціск з боку адміністрацыі. У астатніх жа выпадках ён адмаўляўся прызнаваць віну, і тады, паводле яго слоў, пачыналіся катаваньні. Яго ставілі на расьцяжку ў адлегласьці 1 мэтар ад сьцяны, білі па нагах, часам да сінякоў, абшуквалі. Ён лічыць гэта нічым іншым, як жорсткім і бесчалавечным абыходжаньнем.
Падобная сытуацыя склалася зь яшчэ адным зьняволеным – Пятром Кучурай, якi адбывае пакараньне ў ПК №15. Яго пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня з жонкай нібыта за выкарыстаньне нецэнзурных выразаў падчас тэлефоннай размовы з сынам 4 студзеня 2019 году.
Яго жонка Людміла Кучура патрапіла на прыём да супрацоўніка і дала паслухаць аўдыёзапіс размовы мужа і сына, у якім адсутнічалі нецэнзурныя выразы. Але гэта не падзейнічала. Была пададзеная заява ў суд.
Людміла Кучура
5-га і 8-га лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну г. Магілёву былі разгледжаныя яго скаргі аб накладаньні дысцыплінарных спагнаньняў. Адно спагнаньне было вынесенае асуджанаму нібыта за тое, што ён выкарыстаў нецэнзурны выраз у адрас супрацоўніка калёніі, за што 11 студзеня быў зьмешчаны ў ПКТ на тры месяцы. Другое – за непрыбраны пыл на паліцы ў камэры ШІЗА.
Суд, заслухаўшы довады бакоў і вывучыўшы матэрыялы справы, прыйшоў да высновы, што спагнаньні былі вынесеныя законна, і скаргу Пятра Кучуры не задаволіў.
“Ніколі суд ня будзе аб'ектыўна разглядаць скаргі на спагнаньні, заўсёды будзе на баку дзяржавы”, - перакананая Людміла Кучура.
Нагадаем, надзвычайная сытуацыя склалася вакол Пятра Кучуры пасьля стварэньня яго жонкай пэтыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасьць у адміністрацыі калёніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаваньні і неаказаньні мэдычнай дапамогі ў калёніі, якія прывялі да некалькіх сьмерцяў.
Пра тое, што зьняволенага рыхтуюць да падаўжэньня тэрміну зьняволеньня, можа сьведчыць раптоўная чарада беспадстаўных спагнаньняў. Тыя ж прыкметы выяўляюцца і ў дачыненьні да зьняволеных, якіх зь нейкіх прычынаў адміністрацыя калёніі не жадае прадстаўляць да ўмоўна-датэрміновага вызваленьня альбо да зьмены пакараньня на больш мяккае.
Асуджаны ў 2016 годзе за эканамічныя злачынствы на 5 гадоў Віктар Л. па сканчэньні некаторага часу падаў дакумэнты на зьмякчэньне рэжыму ўтрыманьня або, калі пашанцуе, на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Бо пры адбыцьці пакараньня Віктар ня меў аніводнага спагнаньня, толькі тры падзякі ад начальніка атраду. Да таго ж – дапамагаў упарадкаваць памяшканьне атраду.
29 чэрвеня 2018 году ў калёніі засядала камісія. Толькі тады Віктар даведаўся, што тэчкі зь ягонай справай на разглядзе камісіі няма.
“Што ты прыпёрся сюды, табе нічога ня сьвеціць, прыходзь праз год”, – пачуў ён.
А ўжо напачатку кастрычніка чалавек, які нядаўна вызваліўся з калёніі, зьвязаўся з сваякамі Віктара і паведаміў: “Тэрмінова дапамагайце брату, у яго куча праблемаў!”
Аказалася, што пасьля звароту ў ДВП, яго перавялі са звычайнага атраду ў 16-ты атрад, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя зь нізкім сацыяльным статусам. Такім чынам на яго пачалі ціснуць.
ПЦ “Вясна” аналізаваў магчымасьці зьняволеных абскардзіць спагнаньні і прыйшоў да высновы, што яны вельмі недасканалыя і абмежаваныя.
Зьняволены можа абскардзіць спагнаньне вышэйстаячай службовай асобе (здагадваецеся, зь якім вынікам?); або выбраць аднаго з адрасатаў сваёй скаргі – пракурора альбо суд. Зварот у суд са скаргай аплачваецца дзяржпошлінай у адну базавую велічыню – 25,50 беларускіх рублёў, крыху больш за 10 эўра.
Сума, даступная для людзей на волі, можа стаць непераадольным бар'ерам для вязьня: бо гэта можа быць яго заробак за год-другі. А вось калі напачатку беспасьпяхова абскардзіць пракурору, то магчымасьць зьвярнуцца ў суд можа быць страчаная, бо міне ўстаноўлены законам месячны тэрмін для звароту.
Узор скаргі на прымяненьне мер дысцыплінарных спагнаньняў
Памятайце, нішто так не палохае майстроў пэнітэнцыярных спраў, як абвяшчэньне зьвестак пра мэтады іх працы: калі ў вас, блізкіх сваякоў, мужа ці жонкі зьняволеных няма сродкаў на кваліфікаванага адваката, карыстайцеся сваім правам па даверанасьці і хадайніцтву зьняволенага прадстаўляць яго інтарэсы ў судзе.
Форма даверанасьці вядомая адміністрацыям месцаў зьняволеньня і натарыюсам, а яшчэ яна тут.
Грамадзянскі працэсуальны кодэкс вызначае вашыя правы і аб'ём паўнамоцтваў.
Першым хадайніцтвам павінна стаць патрабаваньне забясьпечыць удзел у судовым пасяджэньні для дачы тлумачэньняў па справе заяўніка-зьняволенага; другім – патрабаваньне аб азнаямленьні з усімі матэрыяламі, што сталі падставаю для накладаньня спагнаньня.
Калі вам стала вядома аб тым, што суд прызначыў так званае выязное пасяджэньне – гэта значыць, справу плянуецца разгледзець на тэрыторыі калёніі або турмы, патрабуйце прызначэньня паседжаньня ў будынку суду: гэта дазволіць вам прысутнічаць пры разглядзе скаргі нават тады, калі няма даверанасьці на прадстаўленьне інтарэсаў заяўніка.
Узор заявы на прысутнасьць у выязным судовым паседжаньні.
Паводле назіраньняў праваабаронцаў, ёсьць свае лідэры і сярод прыпісаных парушэньняў. Часта мы сустракаемся з адмовай зрабіць уборку або зь яе няякасным правядзеньнем, сном на падлозе, невыкананьнем патрабаваньня заняць спальнае месца. Акрамя айчыннага Крымінальна-выканаўчага кодэксу, які многія зьняволеныя могуць самастойна вывучыць і выкарыстоўваць для аргумэнтацыі, нялішне нагадваць судам і пра міжнародныя абавязкі дзяржавы ў сфэры выкананьня правоў чалавека.
Юрыст ПЦ “Вясна” Павал Сапелка адзначае, што яшчэ ў сьнежні 2015 году Генэральная Асамблея ААН прыняла перагледжаны тэкст Мінімальных правілаў абыходжаньня са зьняволенымі і ўхваліла яго назву: “Правілы Нэльсана Мандэлы”, “на знак павагі да спадчыны памерлага прэзыдэнта Паўднёвай Афрыкі Нэльсана Ролихлахлы Мандэлы, які правёў у турме 27 гадоў у ходзе барацьбы за правы чалавека, роўнасьць, дэмакратыю і фармаваньне культуры міру ва ўсім сьвеце”.
Павал Сапелка
Так, у адпаведнасьці з Правілам 39, меры спагнаньня ў дачыненьні да зьняволеных могуць уводзіцца толькі згодна з прынцыпамі справядлівасьці і належнай прававой працэдуры. Зьняволены ніколі не павінен падвяргацца паўторнаму спагнаньню за адно і тое ж дзеяньне альбо парушэньне; турэмная адміністрацыя мусіць забясьпечваць суразмернасьць дысцыплінарнага спагнаньня і парушэньня, за якія такое спагнаньне прызначаецца. Перад накладаньнем дысцыплінарнага спагнаньня турэмная адміністрацыя павінна разгледзець пытаньне аб тым, ці магло ў прынцыпе і якім чынам псыхічнае захворваньне зьняволенага альбо адхіленьне ў яго разьвіцьці паўплываць на яго паводзіны і зьдзяйсьненьне парушэньня альбо дзеяньня, якія паслужылі падставай для прыняцьця дысцыплінарных захадаў. Турэмная адміністрацыя не павінна накладаць меры спагнаньня за якое-небудзь дзеяньне зьняволенага, якое лічыцца прамым наступствам псыхічнага захворваньня альбо разумовай адсталасьці зьняволенага.
Акрамя таго, Правіла 40 прадугледжвае, што вязьняў ня варта прызначаць у дысцыплінарным парадку на працу па абслугоўваньні самой турэмнай установы. Сапраўды, цалкам слушным будзе ўскладаць працу па прыборцы на тых зьняволеных, якія маюць да гэтага імкненьне і жаданьне і атрымліваюць за гэта вызначаную плату. У якасьці сродку перавыхаваньня Правілы прапануюць ускладаць на асуджаных толькі адказнасьць за пэўныя віды сацыяльнай, адукацыйнай ці спартыўнай дзейнасьці.
“Некаторыя, прачытаўшы ўсё гэта, скажуць, што змагацца з гэтымі зьявамі – артыкулам 411 і “навешваньнем” спагнаньняў – бескарысна. Мы не спрачаемся зь імі. Проста ёсьць сытуацыі, калі губляць ужо практычна няма чаго. І ёсьць сытуацыі, калі сыстэма можа здрыгануцца і адступіць”, – перакананы Павал Сапелка.