Чацвер, 17 Студзень 2019

Палегчыць замежнікам жыцьцё на зоне? Што адказаў Канстытуцыйны Суд...

Ацаніць гэты матэрыял
(13 галасоў)

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з прапановай даць заключэньне наконт адпаведнасьці законаў ды іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць працу пэнітэнцыярных устаноў пры наяўнасьці там грамадзян іншых краін.

Згодна з ч.1 арт.158 Закону “Аб канстытуцыйным судаводзтве” падставай для ўзбуджэньня справы аб ліквідацыі ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэньні калізій і прававой недакладнасьці могуць быць звароты дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, а таксама грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў.

Менавіта гэтай законнай магчымасьцю скарыстаўся праваабаронца: паведаміў у сваім звароце ў Канстытуцыйны Суд аб наяўнасьці прагалаў у беларускім заканадаўстве. Напісаў, што гэтыя прагалы спараджаюць шмат прававых праблем у замежных грамадзян, якія адбываюць крымінальныя пакараньні ў выглядзе пазбаўленьня волі ў беларускіх пэнітэнцыярных установах.

Як парушаюць правы замежнікаў у папраўчых установах

Сапраўды, Беларусь зараз праводзіць палітыку максымальнай адкрытасьці сьвету. Як вынік, у краіну з турыстычнымі ды іншымі мэтамі прыяжджаюць тысячы грамадзян з-за мяжы. Але такая адкрытасьць мае і нэгатыўны бок, бо некаторыя чужаземцы зьдзяйсьняюць у Беларусі супрацьпраўныя дзеяньні, атрымліваючы потым у беларускіх судах розныя тэрміны пазбаўленьня волі.

Пры адбываньні пакараньняў цяжэй за ўсё бывае тым зьняволеным замежнікам, хто ня можа атрымаць консульскую дапамогу – праз адсутнасьць дыпмісіі іх краіны ў Беларусі.

Выхаваныя ў іншых культурных і прававых традыцыях, замежныя грамадзяне зь цяжкасьцю пераносяць знаходжаньне ў пэнітэнцыярных установах нашай краіны. Бо чужаземцы ня ведаюць ані рускай, ані беларускай мовы – ім патрэбны перакладчык альбо паскораныя курсы вывучэньня моваў.

Іх становішча абцяжарваецца і тым, што самі супрацоўнікі папраўчых калёній у Беларусі замежнымі мовамі (хаця б – ангельскай) не валодаюць. А яшчэ тым, што дзяржаўныя ўстановы не прымаюць прапаноў, заяў і скаргаў на замежных мовах.

Больш за тое, нашае заканадаўства прадугледжвае абмежаваньні на магчымасьць перадач для замежных грамадзян у папраўчыя ўстановы. Перадачы прымаюцца толькі ад грамадзян Беларусі. Роўна як і грашовыя пераказы.

У замежнікаў адсутнічае таксама магчымасьць адпраўляць у папраўчай установе рэлігійныя культы, рытуалы і абрады.

Дададзім, што няякасна праведзеныя сьледчыя дзеяньні і пастаноўлены прысуд выклікаюць у грамадзян недавер да законнасьці іх затрыманьня і арышту, вялікія сумненьні ў адэкватнасьці прысуду і  законнасьці пакараньня.          

Адсутнасьць элемэнтарных бытавых умоваў, празьмерныя абмежаваньні ў задаволеньні натуральных людзкіх патрэбаў замежнікі ўспрымаюць не інакш як жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне, што зьневажае іх чалавечую годнасьць.

Пацьверджаньняў таму – шмат. Гэтак, зьняволены папраўчай калёніі №3 (“Віцьба”) грамадзянін Калюмбіі Хіральда Кальдэрон просіць хоць як дапамагчы яму скантактавацца з амбасадай Калюмбіі ў любой краіне сьвету. У Беларусі амбасады альбо консульства гэтай краіны няма, а пасольства ў Расеі на ягоныя лісты не адказвае.

“Умовы майго ўтрыманьня ў гэтым месцы вельмі цяжкія, а знайсьці дапамогу – амаль немагчыма. Усе баяцца…” – піша ён.

Паведамленьні пра невыносна цяжкія ўмовы адбываньня пакараньня ў ПК-3 дасылалі раней і грамадзянін Вялікабрытаніі Алан Сьміт, і грамадзянін Японіі Даічы Ёшыда.

Не выконваюцца мінімальныя стандарты

“Абагульняючы наяўную інфармацыю, маю сьцьвярджаць, што замежнікі, якія адбываюць пакараньні за крымінальныя злачынствы ў пэнітэнцыярных установах нашай краіны, падпадаюць пад незаконныя абмежаваньні правоў і ўшчамленьне іх законных інтарэсаў”, – кажа праваабаронца Леанід Сьвецік.

Ён канстатуе, што правапрымяняльная практыка, якая склалася ў сыстэме ДВП МУС РБ, не адпавядае міжнародным стандартам правоў чалавека. У ёй не выконваюцца мінімальныя міжнародныя стандартныя правілы абыходжаньня са зьняволенымі, а таксама патрабаваньні (ня менш за сем) Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адносна зьняволеных замежных грамадзян.     

“Нявырашанасьць гэтых пытаньняў ставіць пад сумненьне прывабнасьць нашай краіны для замежных турыстаў, стварае адмоўны імідж дзяржавы, зьніжае турыстычны патэнцыял Беларусі”, – перакананы Леанід Сьвецік.

Зьвяртайцеся да прэзыдэнта…

Нягледзячы на тое, што закон дае магчымасьць зьвярнуцца з гэтай нагоды ў Канстытуцыйны суд любому грамадзяніну, начальнік сакратарыяту Селядзеўскі адмовіў праваабаронцу ў разглядзе ягонага звароту па сутнасьці.

Ён паведаміў заяўніку, што пытаньні аб канстытуцыйнасьці нарматыўных прававых актаў Канстытуцыйны суд разглядае на падставе адпаведных прапаноў упаўнаважаных органаў: Прэзыдэнта РБ, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савету Рэспублікі, Вярхоўнага суду, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.  

“У Рэспубліцы Беларусь для грамадзян і арганізацый устаноўлены ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасудзьдзя. У адпаведнасьці з ч.4 арт.22 “Кодэксу аб судаводзтве і статусе судзьдзяў”, грамадзяне, якія мяркуюць, што іхныя правы, свабоды і законныя інтарэсы парушаюцца прымененым у канкрэтным рашэньні дзяржаўнага органа альбо пастанове суду агульнай юрысдыкцыі нарматыўным прававым актам, маюць права зьвярнуцца зь ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасьці гэтага нарматыўнага прававога акту да Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, вышэйзгаданым органам, якія надзеленыя правам уносіць у Канстытуцыйны суд такія прапановы”, – піша чыноўнік праваабаронцу.

Камэнтуючы адмову разглядаць ягоны зварот, Леанід Сьвецік выказвае шкадаваньне, што Канстытуцыйны суд не праявіў належнай увагі да пытаньня прававога становішча замежных грамадзян у папраўчых установах Беларусі, не праявіў належнага чалавекалюбства і гуманізму, якімі прасякнуты Асноўны Закон нашай краіны.

Лявон Яфрэменка