- Для пачатку вызначымся: як адбываецца працэдура прызнання чалавека палітычным зняволеным, і ці насамрэч сваякі могуць уплываць на канчатковае рашэнне?
- Працэдура прызнання чалавека палітычным зняволеным адбываецца згодна з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены” кааліцыяй беларускіх праваабарончых арганізацый.
Канчатковае рашэнне прымаецца менавіта праваабаронцамі, але на яго насамрэч могуць уплываць меркаванні шырокага кола людзей: як самой ахвяры палітычнага пераследу, гэтак і яго сваякоў і знаёмых. Калі сваякі, знаёмыя або сам асуджаны вырашылі, што статус палітвязня яму пашкодзіць, або проста прыхоўваюць інфармацыю пра пераслед – гэта будзе ўлічвацца.
- Чаму сваякі часам бываюць супраць і ці насамрэч статус палітвязня абцяжарвае знаходжанне чалавека ў зняволенні?
- Звычайна сваякі небеспадстаўна лічаць, што статус палітвязня можа негатыўна паўплываць на яго лёс падчас адбыцця пакарання. Чаму небеспадстаўна? Таму што, як вядома, “палітычныя” – адна з самых дыскрымінуемых і пераследуемых груп за кратамі. Штучна пагаршаць становішча тых, каго і так катуюць у зняволенні, гэта, канешне, не правільна.
Але тут - іншы выпадак. Думаць, што калі вы будзеце прынцыпова пазбягаць надання статусу палітвязня свайму сваяку або знаёмаму, то ў СІЗА ці калоніі да яго будуць ставіцца неяк інакш і не ўлічваць палітычныя падставы пакарання – памылка. Таму перасцярогі блізкіх проста перакрэсліваюць тыя “плюсы”, якія статус падітзняволенага ўсё ж дае вязню.
- Пра якія “плюсы” ідзе гаворка?
- Так званы трэк на вызваленне, зладжаны адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, дазваляе спадзявацца на станоўчы вынік. Тым болей, такі досвед ужо ёсць. Зразумела, ніхто не можа даць стопрацэнтных гарантый на хуткае вызваленне, тым не менш, пакуль выглядае так, што амерыканскі бок мае намер дамагчыся сваіх мэтаў.
Арыентавацца перадусім я б раіў на спіс палітзняволеных, які публікуецца на сайце Вясны. Калі вашага сваяка або знаёмага не будзе ў гэтым спісе, шанцы на яго вызваленне пагаршаюцца. Адпаведна, паклапаціцца аб статусе палітвязня для чалавека, асуджанага за злачынствы палітычнай скіраванасці, лепш загадзя.
-Ці гэта адзінае, чым варта кіравацца блізкім асуджанага "за палічыку"?
- Апрача гэтага відавочнага аргумента існуюць яшчэ і іншыя, менш заўважныя. Першае – маральная адказнасць. Перад тымі, каго пераследуюць, і перад самім сабой. Людзі, якія кінулі выклік сістэме, не могуць быць забытыя або знаходзіцца, як таго хоча ўлада, у статусе звычайных крымінальнікаў. Гэта было б найвышэйшай несправядлівасцю і сапраўднай маральнай паразай.
Другое – візуалізацыя рэпрэсій. Калі хаваць факты злачынстваў з боку ўлады, не будзе з чаго і да каго апеляваць. Без прызнання палітзняволенымі працэс прыцягнення ўладаў да адказнасці таксама стане спрэчным.
- Але часам людзі баяцца не толькі за таго, хто ўжо за кратамі, але і рэпрэсій у дачыненні да сям’і ці сяброў на волі, бо кожная сітуацыя - індывідуальная. У каго спытаць парады?
- Калі вам цяжка самім вырашыць досыць складаную з пункту гледжання як права, гэтак і маралі праблему надання статусу “палітычнага зняволенага” сваяку, блізкаму або знаёмаму, трэба звяртацца па кансультацыю да праваабаронцаў. Гэта можна зрабіць ананімна, але вам дадуць абгрунтаваныя парады, растлумачаць крытэрыі “палітычнага” статусу, параяць, як дзейнічаць у канкрэтнай сітуацыі.
Алег Мацкевіч - юрыст і праваабаронца са шматгадовым "стажам" і досведам у гэтай галіне. Падрабязней пачытаць пра яго дзейнасць можна ТУТ
Фота: Радыё Рацыя