Святлану Лупач затрымалі на адной з аграсядзібаў у Глыбоцкім раёне, дзе яна адпачывала з сябрамі. Першапачаткова затрымалі ўсю кампанію, але да раніцы ўсіх адпусцілі, пакінуўшы ў пастарунку толькі Святлану. У яе забралі тэлефон і па выніках праверкі склалі пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.
Суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 3-га траўня пакараў жанчыну спачатку 10-цю суткамі па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага на яе складі яшчэ адзін пратакол і асудзілі да штрафа памерам 25 базавых велічыняў. На волю Святлана не выйшла, яе перавялі ў віцебскі СІЗА-2, прад“явіўшы абвінавачанне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Святлана – дачка вядомага незалежнага журналіста Змітра Лупача, які з прычыны пераследу за прафесійную дзейнасць быў вымушаны з“ехаць з Беларусі ў ліпені 2021-га года.
Тамара Маркоўка