5 студзеня 2023 г. Васіль Бераснеў быў асуджаны адразу па трох крымінальных артыкулах: арт. 361 — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
арт. 361-1 — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім;
арт. 130 — Распальванне варожасці ці варажнечы. Суддзя Мінскага гарадскога суда Настасся Папко пакарала прафсаюзнага актывіста 9-цю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Васілю Берасневу 73 гады, ён нязменна кіраваў Аршанскай арганізацыяй РЭП з 2016-га году, прафсаюзная суполка дзейнічала на тэрыторыі Дубровенскага, Талачынскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Пры прафсаюзе працавала юрыдычная служба, якая займалася дапамогай у вырашэнні праблем з працаўладкаваннем, незаконнымі звальненнямі, нявыплатамі заробкаў, іншымі працоўнымі спрэчкамі.
Апроч працы ў прафсаюзе, Васіль Бераснеў займаўся праваабарончай дзейнасцю. У Аршанскім рэгіёне ён быў прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага абʼяднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», якое, па рашэнні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, было ліквідаванае 30 верасня 2021 года. Таксама ён браў удзел у працы Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў, якая праводзіла ў Воршы і Аршанскім раёне грамадска-палітычныя і культурніцкія імпрэзы.
Міхась Вішнёў