Панядзелак, 18 Верасень 2023

Асуджаны супрацоўнік віцебскай калоніі выйдзе на волю на год раней і яму вернуць званне старшага лейтэнанта

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

23 траўня старшы лейтэнант унутранай службы, старшы інспектар кадравага і ідэалагічнага аддзела папраўчай калоніі №3 Аляксей Баравы быў асуджаны судом Віцебскага раёна за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў. Паводле ч.2 арт. 426, суд прысудзіў яму тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 300 базавых велічынь з пазбаўленнем права займаць пасады ў праваахоўных органах на працягу 5-ці гадоў. У выніку амністыі, абвешчанай да Дня народнага адзінства, тэрмін зняволення былому супрацоўніку «Віцьбы-3» зменшылі на адзін год. А цяпер яшчэ і вярнулі званне старшага лейтэнанта ўнутранай службы», бо Віцебскі абласны суд вырашыў, што пакараны пазбаўлены яго незаконна.

Аляксей Баравы трапіў пад суд, бо парушыў заканадаўства і рэжым папраўчай установы, у якой працаваў: набыў мабільны тэлефон і спартовае харчаванне для вязня, перадаўшы гэта незаконным шляхам. Меў месца і фактар асабістай зацікаўленасці: супрацоўнік калоніі пакінуў сабе палову грашовай сумы, перададзенай яму праз трэціх асобаў. Праўда, на судзе ён цвердзіў, што дапамог зняволенаму не з карыслівых меркаванняў.

Пра ўчынак Баравога даведалася адміністрацыя калоніі, і супраць яго ініцыявалі крымінальную справу за свядомыя дзеянні, якія выходзілі за межы службовых паўнамоцтваў і «прычынілі істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам» - бо нанеслі ўрон іміджу супрацоўніка ўтураных справаў. Цяпер асуджаны з вернутым яму званнем старшага лейтэнанта адбудзе ў зняволенні два гады замест трох.

Юрый Пятроўскі