«Шаноўныя сябры. Публікацыі лістоў Макса мы вымушаны спыніць. Бо тое, што тут публікуецца, не вельмі падабаецца адміністрацыі ўстановы, дзе зараз знаходзіцца Макс. Даруйце, але больш падрабязна я нічога напісаць не магу», – такі апошні допіс з’явіўся 12 кастрычніка.
У лістах, якія там публікаваліся, не было нічога «крамольнага» – інакш яны проста не прайшлі б турэмную цэнзуру. Максім Знак пісаў пра тое, што ён чытае, як займаецца спортам, працуе (атрымліваючы за месяц ад 18-ці капеек да 3-х рублёў), пра што плануе напісаць, часам пераказвае турэмныя байкі, пачутыя ад іншых зняволеных… Але нават гэта адміністрацыя калоніі палічыла шкодным, і сваякі былі вымушаны адмовіцца ад публікавання вытрымак з прыватнай перапіскі, баючыся непрыемнасцяў для Максіма.
Макс Знак – адзін з самых вядомых на сёння ўтрыманцаў «Віцьбы-3». Гэта былы чалец Прэзідыюму Каардынацыйнай Рады па ўрэгуляванню палітычнага крызісу, адвакат, супрацоўнік перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі – а цяпер таксама палітвязня, які адбывае пакаранне ў наваполацкай ПК-1.
Быў затрыманы 9 верасня 2020 г., у кватэры Максіма Знака прайшоў ператрус, а яго самога даставілі на допыт у Следчы камітэт. 18 верасня 2020г. Максіму Знаку было прадʼяўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У знак нязгоды з абвінавачваннямі адвакат абвясціў галадоўку. 21 снежня Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (частка 1 артыкула 357 КК) супраць членаў Каардынацыйнай рады. Максім Знак стала фігурантам крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1 КК), узбуджанай супраць Каардынацыйнай рады. У лютым 2021г. Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай выставілі новыя абвінавачванні: змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім (ч.1 арт. 361-1 КК). Суд над Максімам Знакам і Марыяй Калеснікавай праходзіў у закрытым рэжыме.
У траўні 2022 г. ААН прызнала зняволенне Максіма Знака неправамерным. 24 траўня 2022 г. КДБ унёс палітвязня ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Станіслаў Іваноўскі