На цяперашні момант Аляксандр Патапаў узяты пад варту па арт. 368 Крымінальнага Кодэксу. Яму інкрымінуюць абразу Аляксандра Лукашэнкі праз інтэрнэт. Навапалачанка Настасся Савуляк асуджана за абразу Аляксандра Лукашэнкі праз тэлефон: яна патэлефанавала на «гарачую лінію» у міліцыю і выказалася на адрас Аляксандра Лукашэнкі – як палічылі эксперты, «у ненарматыўнай форме».
Праваабаронцы адзначаюць, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га году ў Беларусі працягваецца пераслед па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў. Практычна ў кожнай заяве праваабарончай супольнасці наконт прызнання грамадзян палітвязнямі фігуруюць прозвішчы жыхароў Віцебшчыны.
Так, 3-га кастрычніка палітвязняволенымі былі абвешчаны жыхар Віцебску Анатоль Міхайлаў, асуджаны да 4-х гадоў калоніі па чатырох крымінальных артыкулах, у тым ліку за абразу Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, і ўраджэнка Віцебску Яна Пінчук, якую вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага Кодэксу і ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2.
З падобнымі заявамі беларуская праваабарончая супольнасць вымушана выступаць па некалькі разоў на месяц, бо колькасць асуджаных і зняволеных пастаянна расце. Толькі сёлета ў красавіку праваабаронцы зрабілі тры заявы аб прызнанні 36-ці грамадзян палітычнымі зняволенымі.
Таццяна Віктарава