На думку жонкі палітвязня, такая пастанова ў дачыненні да чалавека, які ўжо даўно знаходзіцца за кратамі, выглядае смешна і нелагічна. Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020г., асуджаны да 14-ці гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя масавых беспарадкаў). З 24 чэрвеня ён знаходзіцца ў глыбоцкай ПК-13 (народная назва «Беразвечча»), дзе адчувае несупынны ціск з боку адміністрацыі. Марына Адамовіч згадвае, што да дня народзінаў, які зняволены палітык адзначаў 12 жніўня, яму не перадалі ніводнай віншавальнай паштоўкі – відавочна дзеля таго, каб дэмаралізаваць палітвязня. У якасці пакарання яго на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру памерам каля 3 кв.м., пазбавілі перадачаў і спатканняў.
Што да забароны на выезд за мяжу, наведвання казіно і г.д , то днямі такую самую пастанову, але з суду Першамайскага раёну, атрымала вядомая менская актывістка, 75-гадовая Ніна Багінская. Забарона на «забавы» звязана з тым, што ў красавіку ёй прызначылі штраф памерам 1600 рублёў за тое, што яна выйшла са сцягам у цэнтр Менску на Дзень Волі. Штраф Багінская аплочваць не стала з прынцыповых меркаванняў.
Феліцыян Красоўскі