Цяпер Нікіценка знаходзіцца ў віцебскім СІЗА- 2. Паводле матэрыялаў справы, у перыяд з ліпеня 2020 года па 15 лістапада 2021 года ён незаконна сабраў і распаўсюдзіў інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных службовых асоб дзяржорганаў, членаў іх семʼяў, іншых грамадзян. За тры гады Нікіценка скапіяваў з інфармацыйнай сістэмы персанальныя дадзеныя амаль 1,5 мільёна грамадзян Беларусі. Таксама ён зʼяўляўся адміністратарам дэструктыўнага Telegram-канала і размяшчаў у сетцы інтэрнэт інфармацыю з заклікамі і ўказаннямі аб здзяйсненні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак; інструкцыю па здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў; абразы на адрас Лукашэнкі і старшыні Цэнтральнай камісіі Беларусі.
Падчас судовага разбіральніцтва ён прызнаў сваю віну часткова. Апрача пакарання ў выглядзе 4,5 гадоў пазбаўлення волі, Павел Нікіценка мусіць выплаціць штраф памерам 3200 руб. Суд таксама задаволіў патрабаванні аднаго з пацярпелых наконт кампенсацыі маральнай шкоды ў суме 1000 руб.
Павел Нікіценка – выпускнік віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжу, скончыў аддзяленне «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», завочна навучаўся ў віцебскім тэхналагічным універсітэце і працаваў праграмістам. З 2017г. ягоным месцам працы быў абласны разлікова-даведачны цэнтр. Нікіценку затрымалі летась 24 лістапада і змясцілі пад варту, пры затрыманні ён быў моцна збіты, і яго здароўе да гэтага часу не аднавілася.
Станіслаў Іваноўскі