«Рабочы рух» — гэта аб’яднанне працаўнікоў, якія былі не згодныя з тым, што адбываецца ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020г. 21 верасня 2021 г. яго прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй і затрымалі шэраг актывістаў. Дзесяцярых прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў неўзабаве будуць судзіць: следчы аддзел КДБ па Гомельскай вобласці перадаў справу ў пракуратуру дзеля накіравання ў суд. Двое фігурантаў справы – юрысты з ААТ “Нафтан”. Гэта вядучы юрысконсульт Ігар Мінц і ягоны сябар, былы калега Аляксандр Капшуль. Ён таксама працаваў юрысконсультам, але ў 2020 г. быў звольнены за ўдзел у страйку. Ён адкрыта казаў, што ў краіне прававы дэфолт, улада захопленая, а праваахоўныя органы пераўтварыліся ў карныя. Капшулю пагражае найбольшае пакаранне з усіх удзельнікаў “Рабочага руху”: падчас ператрусаў у яго на лецішчы следчыя знайшлі старыя патроны, і дадалі да абвінавачанняў у здрадзе зяржаве і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання яшчэ й ч.2 арт. 295 Крымінальнага Кодэксу (“Ннезаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй”).
Што да Ігара Мінца, то яму ставяць у віну, што ён нібыта перадаваў Капшулю нейкую інфармацыю. Ніякіх іншых “правінаў” за ім няма - у страйк ён не сыходзіў, пратэстнай актыўнасці не праяўляў, з іншымі актывістамі “Рабочага руху” не зносіўся.
Зрэшты, да падзеяў 2020 г. абодва юрысконсульты былі на добрым рахунку на прадпрыемстве. Газета “Вестник Нафтана” неаднаразова размяшчала гутаркі на прававыя тэмы з Мінцам і Капшулем. “У юрыдычнай службы ААТ “Нафтан” дзве галоўныя задачы . Адна з іх – гэта прававое суправаджэнне фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства. Другі накірунак - гэта абарона інтарэсаў прадпрыемства”, -- тлумачыў Аляксандр Капшуль у адным з інтэрв’ю. Паводле следства, фігуранты справы, карыстаючыся службовым становішчам, ажыццяўлялі незаконную дзейнасць па зборы інфармацыі і перадачы яе за мяжу, у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы. Інфармацыя тычынася перадусім варыянтаў абыходу дзеяння санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў. Таксама ўдзельнікі “Рабочага руху” нібыта распрацоўвалі “дыверсійныя акты” з мэтай паралізаваць дзейнасць лідараў беларускай прамысловасці, у тым ліку ААТ “Нафтан”.
Міхась Хмара