Панядзелак, 22 Жнівень 2022

Яшчэ адзін палітвязень з Віцебску – фельчар Аляксей Мацявін

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

12 жніўня 2022г. у судзе Першамайскага раёну ён быў вынесены прысуд Аляксею Мацявіну, абвінавачанаму паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Суддзя Юрый Урбан прысудзіў віцябляніну паўтара гады калоніі за каментар у тэлеграм-чаце, прызнаным экстрэмісцкім. 19 жніўня праваабарончая супольнасць прызнала Аляксея Мацявіна палітзняволеным.

Паводле матэрыялаў следства,  Аляксей Мацявін «супрацьпраўна падрыхтаваў і апублікаваў тэкст з негатыўнай ацэнкай Аляксандра Лукашэнкі, які ўтрымліваў ненарматыўныя формы маўлення», чым нанёс публічную абразу першай асобе дзяржавы. Паводле падсуднага, на той момант ён не ведаў, што тэлеграм-канал «Витебск 97%» прызнаны экстрэмісцкім, і падпісаўся на яго з разлікам знаёміцца з мясцовымі навінамі. Прыгадаў, што допісы тычыліся падзеяў жніўня 2020-га году і  ваенных падзеяў ва Ўкраіне. Таго, што каментары были напісаны менавіта ім, Аляксей Мацявін не адмаўляў, віну прызнаў цалкам, а свае учынак  патлумачыў «выбухам негатыўных эмоцый».

Аляксей Мацявін нарадзіўся ў Іжэўску, але воляй лёсу апынуўся ў Беларусі, скончыў Аршанскую медвучэльню і апошнія 15 гадоў працаваў фельчарам у віцебскай паліклініцы №7. Жанаты, мае 13-гадовае дзіця. Да затрымання ён актыўна карыстаўся сацыяльнымі сеткамі, пакідаў каментары з ацэнкамі дзейнасці розных прадпрыемстваў, установаў і гандлёвых аб’ектаў Віцебску. З 29 красавіка знаходзіцца ў СІЗА-2.

Таццяна Віктарава