Паводле журналісткі Яўгеніі Доўгай, вельмі важна фіксаваць беларускую сучасную гісторыю і з гэтага ракурсу: як няпроста жанчынам у турме, калі яны знаходзяцца там «за палітыку»– «іх прасуюць, здзекуюцца з іх, ствараюць зусім дзікія ўмовы ўтрымання, шантажуюць дзецьмі». Яўгенія кажа, што выношвала ідэю стварыць кнігу пра беларусак, якія пацярпелі ад рэжыму, збірала гісторыі, фатаграфіі. Калі яна апісала сваю ідэю ў Інстаграме, адгукнулася беларуская мастачка Ганна Татур, якая зараз вучыцца ў Францыі ў школе мастацтваў. Тая прапанавала маляваць партрэты жанчын-палітвязняў. І яна стварае іх на аснове падрыхтаваных Жэняй гісторый і фотаздымкаў жанчын з адкрытых крыніц, іх сацсетак.
Першым партрэтам, які быў размешчаны ў Інстаграм, стала выява віцяблянкі Ірыны Пярцовай. Гэта ўдзельніца палітычных перформансаў, за якія цэлая група моладзі была асуджана да турэмных тэрмінаў. Ірыну Пярцову, у прыватнасці, асудзілі да двух гадоў калоніі па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (Хуліганства, здзейсненае групай асобаў). Абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суду першай інстанцыі.
Яшчэ адна гераіня праекту «Палітвязынкі» – гэта Эма Сцепулёнак, настаўніца-пенсіянерка з Мёраў. Яе затрымалі па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Жанчына сталага веку ўжо11 месяцаў знаходзіцца за кратамі, з 11 снежня 2021г. яе трымаюць у віцебскім СІЗА, яе вінавацяць паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне варожасці ці варажнечы).
Сярод «Палітвязынак» – і Яна Пінчук, якую затрымалі ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 г. па абвінавачанні ў адміністраванні 3-х тэлеграм-чатаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі». Віцяблянку абвінавачваюць адразу па пяці крымінальных артыкулах: паклёп (артыкул 188 Крымінальнага кодэксу), незаконныя дзеянні з персанальнымі данымі іншай асобы (частка 3 часткі 203-1 Крымінальнага кодэксу), распальванне сацыяльнай варожасці (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу), стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем (частка 1 і 2 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (частка 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэксу). Нягледзячы на забарону Камітэту па правах чалавека ААН, расейскі суд пастанавіў экстрадзіраваць дзяўчыну ў Беларусь, дзе ёй пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі.
Феліцыян Красоўскі