Дэпутатка нямецкага Бундэстага Місбах Хан пракаментавала рашэнне стаць «хроснай» віцебскага актывіста наступным чынам:
«Алег Баразна ўжо больш за год сядзіць у беларускай турме, таму што разам з іншымі агітаваў за дэмакратыю і свабоду ў сваёй краіне. Свабода прэсы і свабода выказвання меркаванняў, а таксама права на справядлівы суд і роўныя выбары зʼяўляюцца правамі чалавека. Іх трэба паважаць і абараняць пры любых абставінах. Таму я як дэпутатка Бундэстага патрабую неадкладнага вызвалення Алега Баразны і ўсіх іншых палітвязняў у Беларусі».
Алег Баразна трапіў пад міліцэйскі пераслед у 2020-м годзе, калі садзейнічаў кампаніі «Страна для жизни» у Віцебску, ладзіў перадвыбарчыя пікеты Святланы Ціханоўскай, на знак салідарнасці хадзіў на суды затрыманых падчас мірных пратэстных шэсцяў. Быў затрыманы ў красавіку 2021-га году і абвінавачаны па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу (Незаконны абарот наркатычных сродкаў без мэты збыту). На думку праваабаронцаў, якія прызналі Алега Баразну палітычным зняволеным, «дзяржаўным абвінавачваннем не пададзена дастатковых доказаў у пацверджанне прадʼяўленых абвінавачванняў, не абвергнутыя пярэчанні боку абароны, а судом пры ацэнцы доказаў не ліквідаваны супярэчнасці, пры гэтым перавага нематывавана аддадзеная версіі абвінавачвання, поўнай дапушчэнняў, меркаванняў і здагадак».
Кампанія салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі распачалася 2 гады таму, 9 ліпеня 2020г., калі актывісты сутыкнуліся з рэпрэсіямі ў дачыненні да тых, хто быў нязгодны з палітычнай сітуацыяй у Беларусі. У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў заяўляюць пра гатоўнасць стаць «хроснымі бацькамі» палітвязняў у Беларусі і дамагацца іх вызвалення.
Станіслаў Іваноўскі