Праваабарончы цэнтр “Вясна” паказвае на колькасць палітычна матываваных судовых рашэнняў, за кожным з якіх – самавольства ўлады з аднаго боку, а з іншага – трагедыя асуджанага, яго сям'і і блізкіх, усяго дэмакратычнага грамадтва. Атмасфера татальнага пераследу апанентаў улады, жорсткасці і запалохвання не пакідае месца ідэі нацыянальнага прымірэння і надзеям на змену вектара развіцця дзяржавы.
Праваахоўныя органы і суд ператварыліся ў правадыроў палітыкі нецярпімасці да розных пунктаў гледжання на працэсы, якія адбываюцца ў краіне, у інструменты сістэматычнага, шырока распаўсюджанага планамернага пераследу нязгодных.
Тысячы крымінальных спраў, узбуджаных пасля прэзідэнцкіх выбараў, больш за 2000 палітычна матываваных прысудаў, больш за 1200 прызнаных праваабарончай супольнасцю палітвязняў, - вось тое, чым адказала ўлада на ў асноўным мірны пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, масавых катаванняў і актаў забароненага абыходжання, на антываенныя акцыі, распачатыя пасля развязанай Расійскай Федэрацыяй і падтрыманай уладамі Беларусі ваеннай агрэсіі супраць суверэннай Украіны.
Адвольны і непрапарцыйны пераслед апанентаў улады суправаджаецца нябачанай па маштабах жорсткасцю, катаваннямі, актамі бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да арыштаваных і людзей, пазбаўленых волі. Парушаюцца базавыя правы чалавека - права на жыццё і гуманнае абыходжанне.
Ахвярамі палітычна матываванага пераследу сталі жанчыны і дзеці, а таксама людзі з інваліднасцю і аслабленым здароўем. Варта асабліва падкрэсліць, што для многіх страта здароўя была вынікам негуманнага абыходжання на этапе затрымання і крымінальнага пераследу. Апроч палітвязняў пакутуюць іх мужы і жонкі, дзеці, іншыя родныя і блізкія.
Усе гэтыя абставіны не даюць нам права ні на хвіліну забывацца на палітвязняў і іншых людзей, чые імёны яшчэ невядомыя грамадскасці, якія трапілі пад рэпрэсіі ў сувязі з мірнай рэалізацыяй сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, абаронай правоў і свабодаў, а таксама якія сутыкнуліся з парушэннямі базавых прынцыпаў справядлівага суда. Іх вызваленне павінна заставацца сярод прыярытэтных мэтаў дэмакратычнага грамадства.
У сувязі з гэтым мы нагадваем уладам Беларусі аб нашых патрабаваннях па вызваленні палітвязняў, пераглядзе ўсіх палітычна матываваных спраў, спыненні пераследу грамадзян за мірнае ажыццяўленне сваіх палітычных і грамадзянскіх правоў, па іх абароне ад парушэнняў і па іх рэабілітацыі, а таксама рашуча пратэстуем супраць працягу палітыкі рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека.
Акрамя таго, мы па-ранейшаму патрабуем правядзення эфектыўнага расследавання ўсіх звязаных з пратэстамі выпадкаў гібелі людзей і катаванняў, актаў жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, устанаўлення і прыцягнення да адказнасці вінаватых.