Паводле папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Для Васіля Бераснева гэта першая крымінальная справа, хаця падобнае абвінавачанне супраць яго было выстаўленае яшчэ за ўдзел у аршанскім «Маршы недармаедаў» у 2017-м годзе. Тады яго асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34, ён адбыў 14 сутак арышту ў ІЧУ Воршы. Яшчэ раней за ўдзел у так званым несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве Васіль Бераснеў адбываў адміністрацыйны арышт у 2006-м годзе.
Спадар Бераснеў – чалавек, якога добра ведаюць на Аршаншчыне. У 1980-я гады ён быў дырэктарам сельскагаспадарчай вучэльні ў Высокім (мястэчка пад Воршай) і нават кіраўніком Аршанскага райсавету. Аднак пасля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, Бераснеў пакінуў дзяржаўныя пасады і прыйшоў у дэмакратычны рух.
З 2016-га году ён кіраваў аршанскай прафсаюзнай суполкай РЭП, якая дзейнічала на тэрыторыі Дубровенскага, Талачынскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Юрыдычная служба прафсаюзу дапамагала ў вырашэнні праблем з працаўладкаваннем, незаконнымі звальненнямі, нявыплатамі заробкаў, іншымі працоўнымі спрэчкамі. Апрача працы ў прафсаюзе, Васіль Бераснеў займаўся праваабарончай дзейнасцю. У Аршанскім рэгіёне ён быў прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага абʼяднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», якое, па рашэнні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, было ліквідаванае 30 верасня 2021 году.
Юрка Жмых