Жыхар Гарадку Мікалай Чарняўскі быў асуджаны за тое, што 22 жніўня 2020 году пакінуў у адным з тэлеграм-каналаў каментар, у якім нібыта абразіў супрацоўніка міліцыі, а таксама пагражаў апублікаваць ягоныя асабістыя звесткі.
У дзень суду маці асуджанага ў размове з «Віцебскай Вясной» запэўніла, што ніякіх пагрозаў яе сын у інтэрнэце не выказваў і ў дзейнасць супрацоўніка не ўмешваўся, а што да знявагі, то была ўжытая фраза «ур...д в погонах». Прычым гэта было сказана не на адрас канкрэтнага чалавека, а ў размове з кімсьці ў чаце.
На судзе Мікалай Чарняўскі папрасіў прабачэння за гэтыя словы. Але супрацоўнік міліцыі заявіў: «Як чалавек я табе прабачаю, але як міліцыянт – не». Таксама пацярпелы прасіў суд задаволіць пазоў аб кампенсацыі за маральную шкоду – 500 рублёў. Гэтую суму яму заплацілі яшчэ да абвяшчэння прысуду.
Пад вартай асуджаны знаходзіўся яшчэ з лістапада 2020 году – яго затрымалі да суду і змясцілі ў віцебскі СІЗА. Месцам адбыцця пакарання была прызначана бабруйская калонія №2. 22 студзеня 2021 году праваабарончая супольнасць прызнала Мікалая Чарняўскага палітвязнем.
Падчас знаходжання ў калоніі жыхар Гарадку меў праблемы з ліставаннем: ягоная маці распавядала «Віцебскай вясне», што да сына не даходзяць лісты з дому. А таксама пра тае, што ўвесну 2021-га яго пазбавілі доўгатэрміновага спаткання і змясцілі ў ШІЗА за тое, што нібыта быў дрэнна паголены.
Феліцыян Красоўскі