У сваім звароце праваабаронца Наталля Міхалькова звярнула ўвагу пракуратуры Віцебскай вобласці на паведамленні ў СМІ, паводле якіх палітвязню не перадалі лісты і бандэроль з лекамі, медычныя маскі і цёплае адзенне. Адміністрацыя калоніі неабгрунтавана пазбавіла палітзняволенага Валадара Цурпанава доўгатэрміновых спатканняў, з сям'ёй ён можа звязацца толькі па тэлефоне.
На думку Міхальковай, жорсткае і бесчалавечнае стаўленне да Цурпанава – гэта рэакцыя кіраўніцтва калоніі на адмову палітвязня падпісаць заяву аб памілаванні.
Пракуратура не стала разбірацца па сутнасці заяўленых парушэнняў і пераслала зварот праваабаронцы ва ўпраўленне ДВП МУС РБ па Віцебскай вобласці. Адтуль паведамілі, што разбірацца з ціскам, які чыняць на Цурпанава ў калоніі, не будуць, бо праваабаронца «не падала дакументаў, якія пацвярджаюць яе права прадстаўляць інтарэсы Цурпанава».
Праваабаронца не згодная з бяздзейнасцю службовых асобаў пракуратуры і ДВП у сувязі з парушэннямі правоў зняволенага і будзе дамагацца абароны і аднаўлення парушаных правоў усімі законнымі спосабамі.
Валадар (Уладзімір) Цурпанаў - актывіст і праваабаронца з Магілёву. 24 снежня 2020 году яго асудзілі на тры гады абмежавання волі за абразу суддзі (арт. 391 КК). Але ўжо ў сакавіку палітвязня перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачанне паводле арт. 415 КК («Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі»). У выніку яго прызналі вінаватым і асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму, якія адбывае ў калоніі Віцьба-3 пад Віцебскам.
Міхась Пісараў