Затрыманне Антона Сомава фіксавалася на відэа ад самага пачатку. Гэтым разам «сілавікі» ў поўнай экіпіроўцы дзейнічалі так, быццам сапраўды затрымлівалі ўдзельніка тэрарыстычнай групоўкі. На аператыўным відэа называюць сябе супрацоўнікамі КДБ. Даюць гаспадару 5 секунд, каб адчыніў дзверы. Адзін з іх гучна пачынае зваротны адлік…
На пытанне сілавіка, ці пакідаў гаспадар нейкія абразлівыя каментары ў інтэрнэце Сомаў заяўляе, што не пакідаў, а ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» зарэгістраваны пад сваім уласным прозвішчам Антон Сомаў.
Праваабаронцы паведамляюць, што Антон Сомаў праходзіць у крымінальнай справе па артыкулах 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Яго ўтрымліваюць у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Менску.
Пасля забойства супрацоўніка КДБ у сеціве шмат беларусаў выказалі падтрымку забітаму Зельцару. У адказ з боку па краіне прайшла хваля затрыманняў за каментары ў сацсетках. 7 кастрычніка кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў, што колькасць затрыманых вырасла да 200 чалавек.
Ян Ластаўка