Субота, 13 Чэрвень 2020

Андрэй Новікаў з Пастаўшчыны стаў яшчэ адным фігурантам справы Ціханоўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Андрэй Новікаў. Фота: Фота Радыё Рацыя Андрэй Новікаў. Фота: Фота Радыё Рацыя

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што затрыманы ў мінулую суботу ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну Андрэй Новікаў з 11 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Менску. Яму прад’яўленае абвінавачваньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Менавіта па гэтым артыкуле таксама прад’яўленыя абвінавачваньне блогеру Сяргею Ціханоўскаму, Аляксандру Арановічу, Арцёму Сакаву, Васілю Баброўскаму, Вяргілію Ушаку, Дзмітрыю Фурманаву, Уладзіміру Навуміку, Яўгену Разнічэнку і Уладзіміру Кнігу. Усе яны знаходзяцца ў СІЗА-1.

Арт. 342 КК РБ (ч.1): Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і якія спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады або якія спрычыніліся да парушэньня працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях пры адсутнасьці прыкмет больш цяжкага злачынства – караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Андрэй Новікаў – валянтэр ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Ён грамадзянін Расіі, але нарадзіўся на Пастаўшчыне (Варапаева) і ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі. У яго ёсьць жонка і двое непаўнагадовых дзяцей.

Новікава затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў, які прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Затрымлівала Новікава цэлая група супрацоўнікаў міліцыі. Спачатку яго адвезьлі ў Паставы, каб скласьці пратакол па арт. 23.34 КаАП. Затым жа стала вядома, што яго перавезьлі ў Менск у ізалятар часовага ўтрыманьня на вул. Акрэсьціна.

У аўторак 9 чэрвеня ў доме Новікава ў Прусах прайшоў вобшук.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.