Нядзеля, 19 Ліпень 2015

Умовы працы на волі і ў папраўчай калёніі супастаўныя

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Актывісты Свабоднага прафсаюзу Полацку сустрэліся з былым палітвязьнем Андрэем Гайдуковым.

Андрэй працаваў рабочым на заводзе «Нафтан», калі яго абвінавацілі ў спробе супрацоўнічаць з замежнымі дзяржавамі. Паўтара года - з 8 лістапада 2012 году па 8 траўня 2014 году - правёў у месцах пазбаўленьня волі. Андрэй падзяліўся ўспамінамі пра жыцьцё і працу ў віцебскай папраўчай калёніі «Віцьба-3».

Асаблівы кантроль над палітвязьнямі

Андрэй распавёў пра стаўленьне турэмнай адміністрацыі да палітвязьняў: «Гэта праяўляецца ў павышаным кантролі. За любое дробнае парушэньне да палітвязьня прымяняюцца санкцыі. Такія самыя парушэньні звычайных зьняволеных ніколі не фіксуюцца і санкцыі да іх не прымяняюцца».

Умовы працы ў калёніі

Андрэю прапанавалі ў калёніі працаваць у швейным цэху. Цэх выглядаў гнятліва, усюды валялася рызьзё, стаяў устойлівы пах фарбы. Паколькі ён ніколі раней не працаваў на швейнай машынцы, папрасіў, каб яго спачатку навучылі правілам і прыёмам працы, азнаёмілі з інструкцыяй па бясьпецы працы. Кіраўніцтва калёніі павяло сябе не адэкватна, расцаніўшы законныя патрабаваньні зьняволенага як адмову ад працы: Андрэя адправілі на дзесяць сутак у карцэр.

Як распавёў Андрэй, аплата працы ў швейнай цэху практычна не ажыцьцяўляецца. За дзесяць месяцаў працы былы палітвязень атрымаў усяго адну тысячу беларускіх рублёў, астатнія грошы сышлі безнаяўным разьлікам на аплату харчаваньня і камунальныя паслугі ў турме. Крыху больш плацяць тым, хто павінен выплачваць алiмэнты.

На волі - падобныя ўмовы працы

Адміністрацыя турмы сьцьвярджае, што ўмовы працы зьняволеных цалкам адпавядаюць працоўнаму заканадаўству, паводле якога працуюць усе рабочыя ў Беларусі. Збольшага гэта слушна, на шмат якіх прадпрыемствах на волі зарплата працоўных складае фактычна два-тры мільёны. Гэтых грошай рабочаму хапае толькі на аплату паслуг ЖКГ і сьціплае харчаваньне сям’і.

Актывіст Свабоднага прафсаюзу заводу «Шкловалакно» Мікалай Шарах: «На нашым прадпрыемстве рабочыя толькі расьпісваюцца за бягучы інструктаж па ахове працы, але фактычна інструктажу няма. За патрабаваньні работніка да начальніка прачытаць інструктаж могуць быць ужытыя санкцыі ў выглядзе пазбаўленьня прэміяльных, пераводу ў горшыя ўмовы працы або непрацягненьня кантракту. Ужо нікога не зьдзіўляе патрабаваньне начальнікаў утойваць атрыманьне вытворчай траўмы на працы».

Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна