Андрэй Новікаў быў жорстка затрыманы 8 траўня ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну. Яго адвезьлі ў Паставы, склалі адміністрацыйны пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага пікетаваньня і зьмясьцілі да 11 траўня ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 12 траўня суд Пастаўскага раёну аштрафаваў мужчыну на 810 рублёў за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Па словах Новікава, уся ягоная «віна» складалася з таго, што ў Варапаеве ён сустрэўся з блогерам Ціханоўскім і даў яму інтэрвію. Нядаўна Андрэй Новікаў абскардзіў пастанову райсуду ў Віцебскім абласным судзе (разгляду скаргі яшчэ не было).
«Ніякіх ілюзій ня маю. Але маю намер змагацца. Усе дзеяньні свае прадумваю. Заканадаўства вывучаў, ведаю, бо сам былы супрацоўнік. Сэнсу падстаўляцца пад нейкія незаконныя дзеяньні ў мяне не было аніякага», – кажа Андрэй Новікаў. У дзень падачы скаргі ён наведаў таксама суд Чыгуначнага раёну Віцебску, каб падтрымаць яшчэ аднаго прыхільніка Ціханоўскага – віцябляніна Аляксея Саламаненку (судзьдзя Цыганкова аштрафавала яго на 540 рублёў).
У размове з журналістамі падчас перапынку ў судовым паседжаньні Андрэй Новікаў расказаў, што шмат размаўляў з супрацоўнікамі МУС у Паставах: сярод іх шмат незадаволеных цяперашняй сыстэмай.
«Некаторыя прафэсіяналы проста хочуць працаваць і выконваць свае непасрэдныя абавязкі, але вымушаныя займацца гэтым брудам», – кажа Новікаў.
На думку падпалкоўніка расейскай паліцыі ў адстаўцы, яго беларускія калегі проста ня маюць гонару і годнасьці, «каб устаць і сысьці».
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!