Пятніца, 27 Сакавік 2020

Сьледзтва адмовіла палітвязьню Жамчужнаму ў атрыманьні пасылак і спатканьнях

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Сьледчы ізалятар у Віцебску Сьледчы ізалятар у Віцебску

Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту РБ адмовіў праваабаронцу Леаніду Сьвеціку ў кароткатэрміновай сустрэчы з палітвязьнем Міхаілам Жамчужным, а таксама – у перадачы палітвязьню харчова-рэчавай пасылкі. Сьвецік лічыць, што сьледчы фармальна паставіўся да ягонай просьбы, праігнараваўшы прынцып гуманізму.

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся 17 сакавіка ў Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту (ГАСК) з заявай, у якой прасіў даць яму кароткатэрміновае спатканьне з палітвязьнем Міхаілам Жамчужным, а таксама – магчымасьць перадаць яму пасылку з харчаваньнем і сродкамі гігіены. Жамчужны знаходзіўся ў той час у Віцебскім сьледчым ізалятары (СІЗА).

Праваабаронца прасіў кіравацца прынцыпамі гуманізму і, даючы адказ, улічыць, што ён ужо 5 гадоў вядзе з Жамчужным перапіску.

Аднак сьледчы ГАСК Аляксандар Яроміч адмовіў праваабаронцу ў ягонай просьбе. У адказе паведаміў, што згодна з распараджэньнем начальніка ДВП МУС РБ ад 13 сакавіка кароткатэрміновыя і працяглыя спатканьні часова забароненыя – у сувязі з правядзеньнем прафіляктычных мерапрыемстваў.

«Таксама паведамляю на ваш адрас, што даваньне вам кароткатэрміновага спатканьня са зьняволеным Жамчужным М.І. немэтазгодна», – падвёў рысу сьледчы Яроміч.

Як стала вядома, магчымасьці сустрэцца і перадаць харчы сьледзтва адмовіла таксама стрыечнай сястры Жамчужнага, якая жыве ў Віцебску. Пра гэта ў лісьце праваабаронцу паведаміў сам палітвязень. Напісаў, што хадайнічаў аб сустрэчы і што сьледчы адмовіў, спаслаўшыся на адсутнасьць законных падставаў.

Камэнтуючы пазыцыю Віцебскага ГАСК праваабаронца Леанід Сьвецік выказвае шкадаваньне, што сьледчы фармальна падышоў да разгляду ягонай заявы, адмовіўшыся тым самым ад праявы гуманізму і прынцыпу сацыялізацыі ў дачыненьні да зьняволенага Міхаіла Жамчужнага.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.