Аўторак, 17 Сакавік 2020

Палітвязень Жамчужны: Неўзабаве вярнуся ў горацкую калёнію…

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Да 20-га сакавіка палітвязень Міхаіл Жамчужны будзе знаходзіцца ў Віцебскім абласным сьледчым ізалятары. Пра гэта ён паведаміў праваабаронцам у чарговым лісьце зь СІЗА-2. Як мяркуе палітвязень, пасьля Віцебску яго зноў этапуюць у ПК №9 г. Горкі Магілёўскай вобласьці.

У лісьце Міхаіл Жамчужны паведаміў, што яго дапытваў сьледчы зь Віцебскага гарадзкога аддзелу сьледчага камітэту.

Тым ня менш, Жамчужны просіць, каб праваабаронцы зьвярнуліся яшчэ да сьледчага ст. лейтэнанта Аляксандра Яроміча, які вядзе ягоную справу, каб паспрыяў у рэалізацыі права на перадачу і кароткатэрміновае спатканьне. Сам палітвязень ужо зьвярнуўся да гэтага сьледчага з адпаведным хадайніцтвам.

Праваабаронцам ужо ўдалося пераслаць Жамчужнаму ў СІЗА дзьве бандэролі з пісчай паперай і канвэртамі, у якіх палітвязень меў патрэбу, а таксама пералічыць на ягоны асабісты рахунак некалькі сотняў рублёў. Гэта стала магчымым толькі дзякуючы візыту праваабаронцаў у абласное УДВП і звароту да адміністрацыі СІЗА з просьбай аб залічэньні на рахунах Жамчужнага грашовых сродкаў для ўласных патрэбаў.

Апроч таго, Жамчужны паведаміў, што атрымаў яшчэ адзін пачак паперы. Піша, што да ліста быў прыкладзены пусты канвэрт са зваротным адрасам Беларускага ПЭН-цэнтру.

Палітвязень патлумачыў таксама прычыну сьледчых дзеяньняў, у якіх ён выступае як сьведка. Паводле Жамчужнага, праз тое, што «сілавікі» пасадзілі яго на 11 з паловай гадоў у турму, эканоміка Беларусі страціла значныя сумы. Разьлікі шкоды заснаваныя на аб’ектыўных дадзеных, датычных стратаў камэрцыйнай выгады з прычыны немагчымасьці ўкараняць на прадпрыемствах краіны інавацыйнага абсталяваньня, якое распрацоўваў Жамчужны.

«Плазмавыя ўстаноўкі былі ўсталяваныя, у колькасьці трох штук, на ААТ «Віцебскі маторарамонтны завод» адпрацавалі 18 гадоў, пакуль я сядзеў. Эфэкт эканоміі яны давалі такі: за 2 хвіліны працы – 1 даляр!» – тлумачыць у лісьце каштоўнасьць сваіх навуковых распрацовак палітвязень.

«І вось, калі сьледзтва пачало разьбірацца з гэтымі абставінамі, пачалі зьнікаць матэрыялы двух, першых, справаў. Матэрыялы першай справы (27 тамоў) былі зьнішчаныя ў сьнежні 2019 году, а матэрыялы другой справы – напрыканцы лютага 2020 году», – сьцьвярджае ў лісьце Жамчужны. Аднак у гэтым праблемы ня бачыць, бо, як мяркуе, усе матэрыялы гэтых справаў былі захаваныя ў інтэрнэце «ў аблоках».

Нечаканасьцю для палітвязьня стала тое, што ён быў «прызнаны патрыётам» і «ўзяты пад апеку» Саюзам афіцэраў Беларусі. «Гэта вельмі ўплывовая арганізацыя для афіцэраў усіх масьцей, нават з пагонамі пад мантыяй!» – заўважае ў лісьце.

Жамчужны таксама просіць ад свайго імя павіншаваць беларусак са сьвятам 8 сакавіка, зычыць усім ім здароўя і «простага жаночага шчасьця». Крыху запозьненае віншаваньне, але чамусьці лісты зь віцебскага СІЗА ідуць да адрасатаў значна даўжэй, чым з Горак, што ў Магілёўскай вобласьці.

Леанід Сьвецік, праваабаронца

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.