Панядзелак, 08 Ліпень 2019

Беларусы ЗША патрабуюць вызваленьня палітвязьня Міхаіла Жамчужнага

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

Амэрыканскія беларусы выказваюць неабыякавасьць да лёсу палітвязьня Міхаіла Жамчужнага. Яны патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Жамчужнага, ладзяць у яго падтрымку маніфэстацыі, пішуць зьняволенаму суайчыньніку лісты і паштоўкі.

“Беларусы Вашынгтону шмат гадоў падтрымліваюць беларускіх вязьняў сумленьня. Адзін з найбольш важных шляхоў падтрымкі – ліставаньне. Чалавеку за кратамі вельмі важна ведаць, што ён не забыты, што людзі дамагаюцца ягонага вызваленьня. Гэта дапамагае вытрываць у нечалавечых умовах зьняволеньня”, – гаворыць старшыня Вашынгтонскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзiночаньня (БАЗА) Вячаслаў Бортнік.

“Нашыя лісты ды паштоўкі трапляюць да Міхася. Мы таксама атрымліваем пошту ад яго. Знайсьці некалькі хвілінаў, каб напісаць пару радкоў – не такая ўжо цяжкая справа, а спадару Жамчужнаму гэта дапаможа выжыць”, – дадае Вячаслаў.

Вашынгтонскія беларусы апублікавалі артыкул пра лёс Міхаіла Жамчужнага ў газэце “Беларус” з заклікам пісаць лісты палітвязьню, а таксама сабралі мноства подпісаў пад пэтыцыяй на адрас беларускай амбасады ў Вашынгтоне. Пэтыцыю накіравалі на пачатку чэрвеня.

Таксама 22 чэрвеня ў Нью-Брансўіке (Нью-Джэрсі) адбылося ўручэньне мэдалёў Рады БНР амэрыканскім і беларускім палітыка, дасьледнікам ды дзеячам дыяспары. Адзін з ляўрэатаў праваабаронца Вячаслаў Бортнік прысьвяціў свой мэдаль Міхаілу Жамчужнаму, пра што заявіў падчас урачыстасьці.

Падчас уручэньня мэдаля да 100-годзьдзя БНР

“Гэты мэдаль заслужылі ўсе беларускія палітзьняволеныя, вязьні дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, і перадусім – Міхаіл Жамчужны. Яго мужнасьць і адвага беспрэцэдэнтныя”, – сказаў Вячаслаў Бортнік.  

Бортнік мае намер узьняць пытаньне аб вызваленьні Жамчужнага на сустрэчы са спэцыялістам па Беларусі ў Дзярждэпе ЗША 16 ліпеня.

Апроч таго, беларускія актывісты Нью-Ёрку і Філядэльфіі падтрымалі Міхаіла Жамчужнага падчас акцыі пратэсту супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, якая праходзіла ў Battery Park 19 траўня.

 

“Праблема палітвязьняў дагэтуль актуальная для Беларусі. На сёньня ў беларускіх турмах і лягерах утрымліваюцца дзевяць палітычных вязьняў. Нас вельмі хвалюе лёс Міхаіла Жамчужнага”, – заявіў тады адзін з арганізатараў акцыі  Вадзім Васільеў.