Субота, 04 Май 2019

Палітвязень Міхаіл Жамчужны атрымае мэдаль да 100-годзьдзя БНР?..

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Мэдаль да 100-годзьдзя БНР. Фота ілюстрацыйнае: radabnr.org Мэдаль да 100-годзьдзя БНР. Фота ілюстрацыйнае: radabnr.org

Пра гэта Міхаіл Жамчужны паведаміў у паштоўцы, якую даслаў з калёніі віцебскаму праваабаронцу Леаніду Сьвеціку. Рада БНР вырашыла ўзнагародзіць мяне юбілейным мэдалём за дзейнасьць на карысьць свабоднай і незалежнай Беларусі” – піша палітвязень.  

Міхаіл Жамчужны, які адбывае зараз тэрмін зьняволеньня ў Горацкай калёніі № 9, паведаміў у паштоўцы, што атрымаў ліст з Амэрыкі.

“Рада БНР вырашыла ўзнагародзіць юбілейным мэдалём за дзейнасьць на карысьць свабоднай і незалежнай Беларусі” мяне. Ня ведаю, як і калі, але табе першаму паведамляю…” – напісаў Жамчужны праваабаронцу.

На жаль, афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі атрымаць не ўдалося. Рада БНР адмовілася камэнтаваць "узнагароджаньні, якія яшчэ не адбыліся". Але, паводле крыніцы, блізкай да Рады, Міхаіл Жамчужны сапраўды знаходзіцца ў ліку кандыдатаў на атрыманьне Мэдаля, а фармальнае рашэньне наконт яго кандыдатуры можа быць прынятае цягам бліжэйшых месяцаў. 

Раней старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла паведамляла Радыё Свабода, што поўныя сьпісы ўзнагароджаных Мэдалём ня будуць апублікаваныя, і гэта “тлумачыцца ў тым ліку патрэбамі бясьпекі ў дачыненьні да некаторых асобаў”.

Юбілейны мэдаль “100 гадоў БНР” быў заснаваны Радай БНР у 2018 годзе. Першым такім мэдалём быў у лютым 2018 году ўганараваны (пасьмяротна) беларускі гісторык Юры Туронак. Паводле афіцыйнага сайту Рады БНР, у сьпіс узнагароджаных ужо ў 2018 годзе ўвайшло больш за 130 чалавек – палітыкаў, актывістаў, культурніцкіх дзеячоў і навукоўцаў зь Беларусі, беларускае дыяспары, а таксама зь ліку замежнікаў. У пашыраным сьпісе, які апублікавала сёлета напярэдадні БНР-101 Радыё Свабода, значыліся былыя палітвязьні Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка і Вячаслаў Сіўчык, але цяперашняга палітычнага зьняволенага Міхаіла Жамчужнага ў сьпісе на той момант не было.

Жамчужны: Працягваю вайну

У паштоўцы, дасланай у Віцебск праваабаронцу Леаніду Сьвеціку, палітвязень паведамляе яшчэ, што “пачаў перамагаць Горацкі суд” і што абскардзіў свой статус “экстрэміста” ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і начальніку калёніі. Зазначае, што такі статус прымяняюць у беларускіх калёніях, каб “Захад не бараніў”.

Міхаіл Жамчужны піша, што ўжо восьмы раз яму адмаўляюць за свой кошт набыць вітаміны. “Працягваю вайну”, – напісаў палітвязень на палях паштоўкі.

Зьміцер Міраш  

Залагініцца каб дадаць камэнтары