Нядзеля, 24 Сакавік 2019

“Жыве вечна!” Палітвязень Міхаіл Жамчужны павіншаваў беларусаў з Днём Волі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Палітвязень Міхаіл Жамчужны Палітвязень Міхаіл Жамчужны

“Жыве Беларусь! Жыве вечна! Жыве з Богам!” – напісаў у лісьце да віцебскіх праваабаронцаў палітвязень Міхаіл Жамчужны. Ён віншуе з Днём Волі ўсіх беларускіх патрыётаў і распавядае пра жыцьцё ў калёніі. Ліст ад палітвязьня прыйшоў напярэдадні сьвята з нагоды 101-й гадавіны БНР.

“У мяне ўсё добра. Здароўе ў парадку. Настрой баявы”, – паведамляе ў лісьце віцебскім праваабаронцам палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі №9 (г. Горкі, Магілёўская вобласьць). Просіць таксама прабачэньня ў людзей, зь якімі перапісваецца пастаянна – некаторыя лісты да яго папросту не даходзяць.

“Апошні ліст ад праваабаронцы Тацяны Равякі я не атрымаў. На яго адміністрацыяй калёніі быў складзены акт аб зьнішчэньні “за шкоду, прычыненую дзяржаве, грамадзкім аб'яднаньням і прыватным асобам”. А лісты ад Л. Сьвеціка і Н. Лойкі былі зьнішчаныя без складаньня акту” –  распавядае пра сытуацыю з уваходнай карэспандэнцыяй палітвязень.

Выказвае таксама гонар, што да яго часта пішуць былыя палітвязьні Зьміцер Паліенка, Мікалай Дзядок, Павал Севярынец, а таксама грамадзянская актывістка Вольга Нікалайчык. Больш за тое, ужо другі год падтрымлівае палітвязьня частымі цёплымі лістамі 10-гадовы хлопчык Якуб Шэйн зь Менску.

Праз намаганьні Міхаіла Ігаравіча за апошні год у калёніі адбыліся прыкметныя перамены. Зьмянілася амаль усё кіраўніцтва, нават начальнік мэдчасткі.

“Пасьля  маёй скаргі ва ўпраўленьне аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму зьняволеных сталі нашмат лепш карміць: даюць катлеты, рыс, грэчку, перасталі разводзіць гарбату...” –  піша Жамчужны. Заўважае, што з гэтай прычыны іншыя зьняволеныя неаднаразова выказвалі яму словы падзякі.  

Знаходзячыся ў экстрэмальных умовах, абараняючы сябе, палітвязень працягвае падаваць скаргі на ўмовы свайго ўтрыманьня. Адна скарга ва ЎДВП МУС па Магілёўскай вобласьці тычылася зьняцьця зь яго незаконнага палажэньня прафіляктычнага ўліку як “экстрэміста”. Адказу пакуль не атрымаў.

Іншая скарга, пададзеная ў тое ж ЎДВП, была зьвязаная з выдачай мэдчасткай калёніі даведкі аб магчымасьці зьмяшчэньня палітвязьня ў штрафны ізалятар на 100 сутак запар (у Жамчужнага ўжо больш за 400 сутак у ШІЗА за час адбыцьця пакараньня). У выніку быў звольнены начальнік мэдчасткі, а Міхаіл атрымаў ад адміністрацыі тры месяцы ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), дзе рэжым не такі жорсткі, як у штрафным ізалятары.

Жамчужны паведамляе таксама, што адаслаў наглядную скаргу ў Вярхоўны Суд РБ. Паводле словаў палітвязьня, гэтым самым мае на мэце даць шанец уладам пазбавіцца ад яго, датэрмінова выпусьціўшы на волю.

Міхаіл Ігаравіч распавядае ў лісьце, што ўвесь час піша артыкулы на праваабарончыя тэмы ў незалежныя СМІ. У прыватнасьці, напісаў вялікі артыкул у “Народную волю”, падрыхтаваў ужо матэрыял пра карупцыю для “БелГазеты”. Вялікія надзеі ўскладае на прарыў інфармацыйнай ізаляцыі ў сувязі з тым, што дырэктарам “БелГазеты” стаў праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

На завяршэньне Міхаіл Жамчужны просіць перадаць усім беларускім патрыётам ягоныя віншаваньні з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. “Жыве Беларусь! Жыве вечна! Жыве з Богам!” – піша з турмы Міхаіл Жамчужны.

Лявон Яфрэменка