Серада, 26 Снежань 2018

Палітвязьня Міхаіла Жамчужнага перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
ПК-9 у Горках. Фота: А. Буракоў, dw.com ПК-9 у Горках. Фота: А. Буракоў, dw.com

Кіраўніцтва папраўчай калёніі №9 пастанавіла ад 12 сьнежня перавесьці палітвязьня Міхаіла Жамчужнага са штрафнога ізалятару (ШІЗА) ў памяшканьне крытага тыпу (ПКТ). Пра гэта ў лісьце да віцебскіх праваабаронцаў паведаміў сам Міхаіл Жамчужны.

У памяшканьні камэрнага тыпу палітвязень будзе знаходзіцца цягам 1 месяца. Гэта значыць, што надыходзячыя навагоднія сьвяты ён правядзе ў менш жорсткіх умовах утрыманьня.   

“У кастрычніку 2018 году я выслаў 4 лісты да сваіх калегаў у Віцебску. Аднак лісты гэтыя былі зьнішчаныя. У акце адміністрацыя калёніі тлумачыць зьнішчэньне маёй асабістай перапіскі такім чынам: “За прычыненьне шкоды ахованым законам правам дзяржорганаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і асобных грамадзян…”

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік пацьвердзіў, што перапіска з Жамчужным перарывалася на некалькі месяцаў.

“Пачынаючы з кастрычніка і аж да канца сьнежня ўвогуле не атрымліваў ад Міхаіла Ігаравіча лістоў. За гэты пэрыяд я адаслаў яму некалькі лістоў і адну віншавальную паштоўку, але адказаў не было”, – паведамляў Леанід Сьвецік.

Пра адсутнасьць якіх-небудзь паштовых кантактаў з палітзьняволеным Міхаілам Жамчужным казалі і іншыя віцебскія адрасанты.

У атрыманым нарэшце лісьце Міхаіл выказвае ўдзячнасьць “…віцебскім праваабаронцам, палітычным актывістам і ўсім добрым і неабыякавым людзям”, якія падтрымліваюць яго “цёплымі словамі ў сваіх лістах”.

Віншуе іх таксама з нагоды 70-годзьдзя прыняцьця ААН Усясьветнай Дэклярацыі правоў чалавека. І, на ўсякі выпадак, – з Калядамі і надыходзячым Новым годам.

Лявон Яфрэменка    

Залагініцца каб дадаць камэнтары