Аўторак, 17 Студзень 2017

Адміністрацыя калёніі лічыць Жамчужнага схільным да экстрэмізму і дэструкцыйнай дзейнасьці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

12 студзеня на паседжаньні пад старшынствам Анатоля Карповіча судовая калегія па грамадзянскіх справах Менскага абласнога суду разгледзела касацыйную скаргу праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакараньне на неправамернае, зь яго пункту гледжаньня, спагнаньне з боку адміністрацыі калёніі і пастанавіла суду Барысаўскага раёну дадаткова апытаць Жамчужнага і сьведак абставінаў.

Адзначаецца, што Жамчужнага ў суд не дастаўлялі, прадстаўнік адміністрацыі калёніі таксама не прысутнічаў.

Як было заяўлена на паседжаньні, 20 ліпеня 2016 году прадстаўнік адміністрацыі навасадзкай папраўчай калёніі № 14 наклаў на Жамчужнага спагнаньне ў выглядзе пазбаўленьня чарговага кароткатэрміновага спатканьня за тое, што ён знаходзіўся на тэрыторыі аднаго з сэктараў калёніі без суправаджальнага супрацоўніка.

У сваёй скарзе праваабаронца адзначыў, што такога парушэньня не дапускаў, прасіў адмяніць накладзенае спагнаньне, а таксама рашэньне суду Барысаўскага раёну ад 31 кастрычнiка 2016 году, якое пакінула яго ў сіле.

На думку Жамчужнага, судом ня ўлічаныя і не правераныя яго довады пра тое, што з тэрыторыі лякальнай зоны калёніі ён выйшаў у суправаджэньні супрацоўніка калёніі, пры гэтым пакінуў лякальны ўчастак не самавольна, а паводле вуснага загаду начальніка спэцчасткі. Гэта, падкрэсьліў палітвязень, могуць пацьвердзіць іншыя зьняволеныя і днявальны.

Акрамя таго, Жамчужны заявіў пра парушэньне барысаўскім судзьдзём працэсуальнага права, бо паседжаньне па ягонай скарзе прайшло на гадзіну раней за прызначаны час, што пазбавіла яго права на абарону.

Таксама праваабаронца адзначыў, што ў калёніі парушаюцца правы вязьняў на іх асабісты прыём адміністрацыяй.

У пярэчаньнях на касацыйную скаргу прадстаўнік адміністрацыі калёніі адзначыў, што знаходзіць рашэньне суду Барысаўскага раёну ў дачыненьні да Жамчужнага законным і абгрунтаваным. На думку адміністрацыі, прычынай абскарджаньня зьявілася пастаноўка вязьня на прафіляктычны ўлік у катэгорыі асоб, схільных да экстрэмізму і іншай дэструкцыйнай дзейнасьці, што пацягнула дадатковыя рэжымныя абмежаваньні.

Акрамя таго, у калёніі лічаць, што Жамчужны сваёй скаргай «жадае наўмысна дыскрэдытаваць работнікаў папраўчай установы».

Міхаіл Жамчужны, які перадаваў зьвесткі пра ўтрыманьне зьняволеных у месцах пазбаўленьня волі праваабарончай арганізацыі «Пляцформа», быў затрыманы ў 2014 годзе. 10 ліпеня 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным разгалашэньні зьвестак, якiя складаюць службовую тайну, і дачы хабару і прысудзіў да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж году касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла Жамчужнаму больш суворае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Жамчужны прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязьнем.

naviny.by