Палітвязень Жамчужны, у прыватнасьці, піша: “Сёньня нечакана, без усялякіх прычын мяне выклікалі на камісію з 20 чалавек і абвясьцілі, што за 5 парушэньняў, ШЫЗА і ПКТ мяне накіроўваюць у турму на 3 гады. Дакумэнты накіроўваюцца ў суд Барысаўскага раёну. Мяркую, што гэта рэакцыя на публікацыю ў інтэрнэце пра маю касацыйную скаргу на першае парушэньне… Мой адрас можа зьмяніцца бліжэйшымі 2-3-ма тыднямі”.
Таксама Міхаіл Жамчужны піша пра тое, што паўторная даверанасьць адвакату для прадстаўленьня інтарэсаў зьняволенага ў судох падчас абскарджваньня накладзеных спагнаньняў, пакуль бяз руху. Праблемы з афармленьнем даверанасьці для адваката працягваюцца ўжо амаль два месяцы, што не дазваляе паўнавартасна аказваць прававую дапамогу вязьню.
Нагадаем, заснавальнік праваабарончай установы “Платформ інавэйшан” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш суворае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
Жамчужны быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для таемнага атрыманьня інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным вязьнем.