БХД патрабуе вызваленьня Ігара Пастнова і правядзеньня незалежнай мэдычнай экспэртызы стану яго здароўя, а таксама “спыніць гвалт над здароўем людзей па палітычных замовах”.
Ігар Пастноў апынуўся на лячэньні ў псыхіятрычным шпіталі пасьля свайго апошняга відэавыступу ў інтэрнэце. Ён выказаў крытычныя меркаваньні аб стане віцебскай мэдыцыны, прымусовым кадаваньні ад алькагалізму, а таксама заявіў аб тым, што яго запужваюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем. 16 жніўня Пастнова забралі ў лячэбніцу непасрэдна з працы.
29 жніўня праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Ігара Пастнова вязьнем сумленьня. “Затрыманьне Ігара Пастнова магло быць неабгрунтаваным з-за выказваньня ім законнай крытыкі сыстэмы аховы здароўя Віцебскай вобласьці. Калі гэта так, то “Міжнародная амністыя” будзе лічыць яго вязьнем сумленьня”, — гаварылася ў заяве праваабарончай арганізацыі.
Крыніца: БелаПАН