«Я нагадаю, што ўжо больш за пяць тысяч чалавек падпісаліся пад патрабаваньнем неадкладна вызваліць арыштаванага ксяндза Лазара», - адзначыў палітык. Ён лічыць, што рэжым Лукашэнкі зразумеў, што ні нафта, ні газ, і нават ні калій, а менавіта людзі зьяўляюцца самым выгадным таварам.
«Можна ўзяць у закладнікі палітвязьняў і вернікаў. Можна ўзяць у закладнікі кіраўніка “Уралкалію”. Але ў выпадку з Баўмгертнерам улады нават называюць кошт і адкрыта гандлююцца. Тое ж самае, на мой погляд, адбываецца і з астатнімі, але ў больш закрытым рэжыме. Наконт палітвязьняў размова ідзе з Эўропай, наконт ксяндза з Ватыканам. Бо акрамя таго, што Ватыкан - самая вялікая хрысьціянская царква, гэта яшчэ дыпляматыя, уплыў і магчымасьці дзейнічаць па ўсім сьвеце. Я не выключаю, што сёньняшні рэжым патрабуе або паказвае Ватыкану, што ён хацеў бы ад яго працы ў эўрапейскім кірунку. Гэта значыць адкрыць Эўропу рэжыму. Думаю, што такія спадзяваньні з часоў візыту да Папы Рымскага ў Лукашэнкі засталіся. А паколькі касьцёл не ідзе па шляху адчыненых дзьвярэй перад дыктатарам, то ў адказ кагосьці бяруць у закладнікі», - перакананы палітычны вязень. Ён падкрэсьліў, што палітыка тэрору зьяўляецца асновай сёньняшняга рэжыму.
«Мне таксама ўспамінаецца нядаўні выпадак зь Вячаславам Шэлегам, у якога выкралі дачку. Таму гэткія мэтады ніяк інакш, як тэрарыстычныя, кваліфікаваць нельга. Як правіла, улады вымушаныя весьці з тэрарыстамі перамовы. Але мэтанакіраваныя аднабаковыя саступкі тэрарыстам расцэньваюцца як слабасьць. Цяпер Крэмль, які выгадаваў на сваю галаву рэжым Лукашэнкі, ня ведае, як адмыцца ад ганьбы. Ня ведаюць, што зь ім рабіць, і эўрапейцы. Але, па вялікім рахунку, асноўная адказнасьць за тое, каб пазбавіцца ад гэтага рэжыму ляжыць на нас - беларусах», - падсумаваў Павал Севярынец.
Нагадаем, 26 ліпеня Лукашэнка заявіў пра затрыманьне супрацоўніка беларускіх спэцслужбаў, які працаваў на замежныя дзяржавы праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы. Супрацоўнік спэцслужбаў, удакладніў ён, «ня толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасьці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой». Празь некаторы час стала вядома пра затрыманьне ксяндза Ўладзіслава Лазара. Ён абвінавачваецца ў перадачы грошай «шпіёну».
Крыніца: Хартыя'97