Паводле дакумэнту, агітацыйныя масавыя мерапрыемствы па-за памяшканьнямі можна праводзіць у Віцебску на трох пляцоўках. А менавіта: у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў (у раёне цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі), у парку Мазурына («Комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі» ЦК «Віцебск» – цэнтральная сцэнічная пляцоўка) і ў парку 30-годзьдзя УЛКСМ (за СДзЮШАР «Камсамолец» у раёне скрыжаваньня алей).
Сярод дрэваў і кустоў
Гэтыя месцы вельмі нязручныя для правядзеньня сходаў па-за памяшканьнямі, бо знаходзяцца па-за асноўнымі транспартнымі камунікацыямі гораду.
Да прыкладу, «Комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі» знаходзіцца за тры кілямэтры ад гарадзкой мяжы ў лясным масіве, куды зь Віцебску ходзіць толькі адзін аўтобус, дый той з інтэрвалам у 20-30 хвілін. На вызначанай пляцоўцы могуць зьмясьціцца максымум 1200 чалавек.
Месца агітацыі ў Мазурыне
Да месца ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў таксама дабрацца няпроста. Каля цэнтральнай сцэны могуць сабрацца хіба 300-350 чалавек.
Сцэна ў парку адпачынку чыгуначнікаў больш нагадвае прыбіральню...
Але ж самае непрыстасаванае месца для правядзеньня масавых мерапрыемстваў – гэта Парк 30-годдзя УЛКСМ. Парк разьмешчаны далёка ад цэнтру і густанаселеных раёнаў гораду. Месца на скрыжаваньні дзьвюх вузкіх асфальтавых дарожак атачаюць дрэвы і кусты. Там адсутнічае сцэнічнае ўзвышэньне, што робіць правядзеньне перадвыбарных агітацыйных мітынгаў праблематычным і нават немагчымым.
Агітацыю можна праводзіць на скрыжаваньні паркавых дарожак...
Максымум там могуць зьмясьціцца 200-250 чалавек.
14 памяшканьняў. Але ці зьмесьцімся?..
У рашэньні Віцебскага гарвыканкаму пералічваюцца таксама памяшканьні для правядзеньня сустрэч кандыдатаў у прэзыдэнты з выбарцамі, а таксама – для перадвыбарчых сходаў.
Гэта 14 памяшканьняў, якія раскіданыя па горадзе і якімі «апякуюцца» дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы. Перадусім – навучальныя ўстановы, дзе ў ліпені будуць праходзіць рамонты да навучальнага года, адміністрацыя якіх будзе знаходзіцца ў чарговых адпачынках. Таксама – бібліятэкі зь невялікай зьмяшчальнасьцю і абмежаваньнем часу працы. Паводле нашай ацэнкі, у гэтых памяшканьнях змогуць зьмясьціцца ад 30 да 250 чалавек. Пералічваем іх:
- Актавая заля культурна-спартыўнага цэнтру «Віцебскае аддзяленьне Беларускай чыгункі» (вул. Някрасава, 2а / 46).
- Глядзельная заля Палацу культуры Руба (вул. Цэнтральная, 7).
- Актавая заля ВДУ імя П.М.Машэрава (пр-т Маскоўскі, 33).
- Заля паседжаньняў адміністрацыйна-бытавога корпусу Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжу (вул. Лазо, 11-36).
- Кабінет №5 СШ №9 (вул. Школьная, 4).
- Актавая заля СШ №24 (вул. 1-я Набярэжная, 2).
- Актавая заля СШ № 45 (вул. Чкалава, 47А).
- Актавая заля СШ № 46 (вул. Багатырова, 5).
- Актавая заля Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна (вул. Леніна, 8А).
- Чытальня Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя М.Горкага (пр-т Фрунзе, 30А).
- Чытальня бібліятэкі імя Маякоўскага (вул. Гагарына, 33А).
- Чытальня дзіцячай бібліятэкі імя Караткевіча (пр-т Маскоўскі, 64).
- Заля клубу «Юнацтва» Віцебскага гарадзкога цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» (пр-т Маскоўскі, 74, к.1).
- Актавая заля філіялу «Натхненьне» (вул. М. Горкага, 59в).
Між тым, вялікія канцэртныя залі, якія б маглі зьмясьціць 1000 і больш чалавек, не ўваходзяць у пералік дазволеных памяшканьняў.
Магчымасьцяў паменела
Калі параўноўваць з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія праходзілі ў 2015 годзе, то можна адзначыць, што тады пералік месцаў для агітацыі вызначалі адміністрацыі раёнаў Віцебску. У 2020 годзе пералік зацьвярджае выключна Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт – для ўсяго гораду. Колькасьць месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканьнямі, мітынгаў, пікетаваньняў) значна зьменшылася. Прыкладам, толькі ў Кастрычніцкім раёне Віцебску ў 2015 годзе можна было легальна зьбірацца ў 6-ці месцах. У 2020-м – адно на ўвесь раён!
Такая ж карціна з памяшканьнямі для сустрэч. Пяць гадоў таму сустрэчы з выбарцамі ў Кастрычніцкім раёне можна было праводзіць у шасьці залях, у 2020 годзе – дазволілі толькі ў трох.
Можна сьцьвярджаць, што ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі прэзыдэнта РБ магчымасьці для правядзеньня агітацыйнай кампаніі ў Віцебску зьнізіліся. Колькасьць месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў і сустрэч у памяшканьнях адчувальна зьменшылася, а прыстасаванасьць памяшканьняў для правядзеньня сустрэч кандыдатаў з выбарцамі пагоршылася. І гэта нэгатыўна можа паўплываць на якасьць і эфэктыўнасьць агітацыйных імпрэзаў.
Леанід Сьвецік, назіральнік
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!