“Намінальна ўскладаньне кветак не патрабуе дазволу, таму вялікі дзякуй віцебскім уладам, што ў нас ёсьць такая магчымасьць. І спадзяемся, што ў рашэньні Віцебскага гарвыканкаму (маецца на ўвазе рашэньне №881 - ВВ) зьявяцца нейкія зьмены”, – патлумачыў перавагі выбранага фармату кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў.
Нагадаем, сёлета віцебскія ўлады дазволілі правесьці мітынг у гонар #БНР100, які заяўляла абласная арганізацыя партыі БНФ. Але заяўнікі адмовіліся ад правядзеньня імпрэзы, спаслаўшыся на недахоп грошай на аплату паслуг міліцыі (УУС ацаніла свае паслугі амаль у 600 рублёў).
Мітынг заяўляўся на 30 удзельнікаў. Каля Альгерда сабралося напалову менш.
Прысутнічалі БелТА і прэс-служба УУС
У размове зь “Віцебскай вясной” Смолікаў зазначыў, што фармат ускладаньня кветак, “канечне, куртаты, але гэты год 25-м сакавіка не заканчваецца”. Паабяцаў, што будуць яшчэ цікавыя імпрэзы і падзеі, у прыватнасьці, рыхтуецца мастацкая выстава.
Канстанцін Смолікаў
Прызнаў, што віна за нявыкарыстаны шанец правесьці санкцыянаваны мітынг ляжыць на арганізатарах.
“Калі казаць шчыра, гэта нашая памылка, нядбайнасьць. Мы занадта позна выйшлі на фармат. Калі б пачалі рыхтаваць месяцам раней, у нас бы, напэўна, атрымалася і сабраць грошы, і дамовіцца з уладамі правесьці ўрачыстую імпрэзу ў закрытым памяшканьні”, – сказаў Канстанцін Смолікаў.
За тым, што адбывалася на плошчы ля ратушы, а потым каля помніка Караткевічу, сачылі сёлета ня толькі незалежныя журналісты. Прысутнічалі фотакарэспандэнт дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА і прадстаўнік прэс-службы ўпраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму.
Зводдаль актывістаў здымалі людзі ў цывільным адзеньні.
Дзякавалі, што не было аўтазакаў…
Пасьля сумеснага фатаграфаваньня на фоне Альгерда актывісты прайшлі па “традыцыйным маршруце віцебскіх дэмакратаў” – па вуліцы Суворава да помніка Уладзімеру Караткевічу. Там некалькі чалавек выступілі са сьвяточнымі прамовамі.
Па вуліцы Суворова
Гэтак, старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі партыі АГП Ірына Яскевіч выказала жаданьне, каб краіна і дзяржава ў Беларусі сталі нарэшце адным цэлым.
Выступае Ірына Яскевіч
У сваю чаргу актывіст АГП Сяргей Васенка падзякаваў уладам за тое, што “сёньня мы ня бачым тут чорных варанкоў”.
Насамрэч аўтазакі (прынамсі адзін), як прыкмецілі журналісты, знаходзіліся крыху далей, у скверы на Суворава. Аднак ніхто з удзельнікаў ускладаньня кветак затрыманы ня быў.
Падчас ускладаньня кветак
Удзельнікі ускладаньня кветак на #БНР100 ў Віцебску
Інтэрвію дае сябра рады Руху “За Свабоду” Хрыстафор Жаляпаў
Адзначым, што яшчэ зранку 25 сакавіка ў Віцебску быў затрыманы віцяблянін Мікола Качурац, які разгарнуў каля помніку Альгерду бел-чырвона-белы сьцяг. Як стала вядома, актывіст правёў ноч у віцебскім ІЧУ. 26-га сакавіка яго будуць судзіць.
Таксама на Дзень Волі быў заблякаваны ў сваёй кватэры заяўнік шэсьця на 100-годзьдзе БНР Уладзімер Кійко. Каля пад’езду ягонага дому дзяжурыў міліцэйскі “уазік”.
А гарадоцкага актывіста Леаніда Аўтухова выклікалі ў сьвяточную нядзелю ў райаддзел міліцыі, каб толькі той ня выбраўся на Дзень Волі ў абласны цэнтар ці ў сталіцу.
Зьміцер Міраш, фота аўтара