«Яны робяць усё, каб я не патрапіў у Віцебск на Дзень Волі», – патлумачыў Леанід Аўтухоў дзіўныя паводзіны людзей у міліцэйскіх пагонах, якія раптам вырашылі старанна працаваць у непрацоўны дзень.
Летась сябра партыі БНФ Леанід Аўтухоў з Гарадка быў адным з найактыўнейшых удзельнікаў несанкцыянаваных уладамі шэсьця і мітынгу 25 сакавіка ў Віцебску. Многім тады ён запомніўся сваёй палымянай прамовай падчас мітынгу ля помніка Караткевічу. Пасьля той прамовы яго затрымалі і прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Сёлета ж, каб актыўны грамадзянін ізноў не паўдзельнічаў у меркаванай акцыі апазыцыі, прысьвечанай чарговым угодкам абвяшчэньня БНР, супрацоўнікі праваахоўных органаў вырашылі, відаць, дзейнічаць загадзя.
Як распавёў Леанід Аўтухоў, ён адчувае няспынную сочку за сабою, пачынаючы з чацьвярга – увесь час вакол яго зьяўляюцца дзіўныя машыны, людзі: «Я ў чацьвер праходзіў тэхагляд, быў выходны ў мяне. Дык яны пачалі мяне "пасьвіць". Не адчапляліся. На тэхаглядзе стаялі над душой. Я ня мог зразумець тады наогул, у чым справа».
Актывіст-апазыцыянэр працуе кіроўцам грузавіка на адным з прадпрыемстваў у Гарадоцкім раёне. Выйшаўшы на працу наступнага дня, ён сутыкнуўся з абурэньнем з боку начальства. Высьветлілася, што пакуль ён меў выходны, дырэктару і галоўнаму інжынэру прадпрыемства цэлы дзень тэлефанавалі ці то зь міліцыі, ці то са сьледчага камітэту, пыталі, ці можна, каб тыя задзейнічалі яго на працы ў нядзелю.
Распавядае Леанід Аўтухоў: «У пятніцу прыходжу, машыну рыхтую да выезду, ваду заліваю, сёе-тое аглядаю. А тым часам усё прадпрыемства ўжо гудзе. Інжынэр кажа: "Што мне твае асабістыя справы? Тэлефануюць, як тыя ваўкі". Я ў адказ: "А што вам тэлефануе нейкі, мабыць, лейтэнант, і камандуе, што рабіць? Паслалі б яго на тры літары – і ўсё!" Але яны пералякаліся, запатрабавалі, каб я разабраўся, хто і чаму тэлефануе, і чаго хочуць. Дык я ўзяў і патэлефанаваў 102, выклікаў міліцыю».
Паводле расповеду чальца БНФ, міліцыянты на ягонае тэлефанаваньне адрэагавалі хутка. Дамовіліся з дырэктарам, неўзабаве прыехалі на працу. Апыталі яго і кіраўніцтва прадпрыемства. Нават прывезьлі з сабою расейска-беларускага перакладчыка. Аўтухоў патлумачыў ім, чаму выклікаў міліцыю: «Я ім кажу: "Тэлефануюць, тэрарызуюць маё кіраўніцтва невядомыя асобы, прашу прыняць меры". Праводзіў апытаньне старшы лейтэнант крымінальнага вышуку. Ён сказаў: зайдзі пасьля працы ў РАУС, з табою хоча паразмаўляць адказны».
Як і было загадана, увечары пятніцы Леанід Аўтухоў прыйшоў у міліцэйскі пастарунак. Там у яго запыталі, ці будзе ён пісаць заяву, каб шукалі тых, хто званіў на прадпрыемства. «Я адказаў ім, што пісаць заяву няма сэнсу. Бо ніхто іх шукаць ня будзе, альбо яны і так ведаюць, хто гэта. Я проста папрасіў, каб больш не тэлефанавалі на прадпрыемства. Трэба мяне выклікаць, затрымаць – дык прыходзьце дадому. Навошта ствараць такое зло? Бо на працы тады на мяне абураюцца», – расказаў гарадоцкі актывіст.
Па завяршэньні гутаркі ён даведаўся, што зь ім хоча паразмаўляць яшчэ намесьнік РАУС, падпалкоўнік: «Падпалкоўнік – мне: "Трэба будзе расьсьледаваньне весьці". Выпісаў позву, даў пад подпіс – вось і ўсё», – скончыў свой расповед Леанід Аўтухоў.
Такім чынам, каб зьявіцца ў габінэт №4 Гарадоцкага РАУС у 11:00 25 сакавіка 2018 году да начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі ў якасьці пацярпелага, Леанід Аўтухоў мусіць адмовіцца ад паездкі ў Віцебск, калі, вядома, ён такую паездку плянаваў. Тым ня менш пасьля наведваньня міліцэйскага пастарунку і атрыманьня позвы сочка за ім не спынілася. Затое кіраўнікоў прадпрыемства, дзе ён працуе, больш ужо ніхто не тэрарызуе тэлефанаваньнямі...
Кастусь Дзьвінскі