На сустрэчы, якую вёў намесьнік кіраўніка раённай адміністрацыі Анатоль Кандратовіч, было абвешчана, што заяўніку адмоўлена ў правядзеньні шэсьця, якое плянавалася на 25 сакавіка па пешаходнай вуліцы Суворава. Асноўнай прычынай адмовы, паводле словаў чыноўніка, стала адсутнасьць заключаных дамоваў з упраўленьнем унутраных справаў, упраўленьнем аховы здароўя і ўнітарным камунальным вытворчым прадпрыемствам «Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка».
Апроч таго, на сустрэчы прысутнічаў намесьнік начальніка раённага аддзелу ўнутраных справаў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Аляксей Захаранкаў. Ён правёў невялікую прафіляктычную гутарку, азнаёміўшы з адміністрацыйнай адказнасьцю за арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Пасьля заканчэньня сустрэчы міліцэскі начальнік прапанаваў Уладзімеру падпісаць так званую «паперу азнаямленьня», у якой пазначаліся ўсе магчымыя санкцыі за арганізацыю такіх мерапрыемстваў.
На слушную заўвагу актывіста, што гэтая папера ня мае нікога юрыдычнага сэнсу, ды міліцыя і безь яе, калі захоча, зможа прыцягнуць да адказнасьці, чалавек у пагонах адказаў: «Вы маеце рацыю. Але так трэба».
Варта адзначыць, што ў Менску заяўнікі атрымалі дазвол на канцэрт з нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР і пры гэтым таксама не заключалі дамоваў з адпаведнымі інстанцыямі. Паводле віцебскага актывіста, не зразумела, чаму адным дазваляюць, а іншым нельга. Ці ў нас Канстытуцыя дзейнічае выбарачна? Зыходзячы з геаграфічнага рэгіёну краіны ці палітычнай прыналежнасьці?
Вось як пракамэнтаваў забарону на правядзеньне масавага мерапрыемства сам спадар Кійко:
– З аднаго боку, забарона па чыста фармальных і бюракратычных прычынах на правядзеньне шэсьця зьяўляецца прамым парушэньнем канстытуцыйных правоў грамадзян у галіне свабоды мірных сходаў і масавых мерапрыемстваў, якія ўсім нам гарантуюцца ня толькі нашай, яшчэ пакуль дзеючай, Канстытуцыяй, але і Ўсеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека і іншымі міжнароднымі дакумэнтамі.
З другога боку, цяпер у грамадзян, якія хацелі ўзяць удзел у гэтым масавым мерапрыемстве, зьявілася магчымасьць паехаць у горад Менск на шэсьце, правядзеньне якога заплянаванае на той самы час. Такім чынам, можна з упэўненасьцю сказаць, што намесьнік кіраўніка адміністрацыі спадар Кандратовіч Анатоль Канстанцінавіч сваім рашэньнем падтрымаў менскіх арганізатараў шэсьця. «Ну навошта Вы, дарагія рабяты, распыляеце свае сілы па рэгіёнах? Лепш едзьце усе ў Менск! Усе на менскае шэсьце!!!» – менавіта гэтыя словы чыталіся ў яго сумных вачох, калі ён уручаў мне афіцыйную райвыканкамаўскаю паперу.
Уладзімер Бяляўскі