Рада суполкі СПБ работнікаў ААТ “Полацак-Шкловалакно” яшчэ 1 верасьня паведаміла мясцовай уладзе пра намер інфармаваць жыхароў гораду аб парушэньні правоў сяброў прафсаюзу на прадпрыемстве. Апроч гэтага, мэтай меркаванага пікету было заяўлена выказваньне пратэсту супраць перасьледу лідэраў прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча. Выканкам у сваім адказе на заяўку забараніў правядзеньне пікету, таму што ініцыятары не прадставілі дамоваў на аплату паслугаў камунальных службаў, міліцыі і мэдыкаў.
Гэтую забарону прафсаюзны лідэр Віктар Стукаў лічыць парушэньнем правоў чальцоў СПБ:
“Выканкам адмаўляе нам у праве на правядзеньне інфармацыйных мерапрыемстваў у форме пікету з 2010 году. Напісана ў адказе: "Да заявы павінны быць далучаныя дамовы з аддзелам унутраных справаў Полацкага раённага выканаўчага камітэту – аб ахове грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавага мерапрыемства, зь дзяржаўнай установай аховы здароўя «Полацкая цэнтральная гарадзкая больніца» – аб мэдычным абслугоўваньні ў часе правядзеньня масавага мерапрыемства, і камунальным унітарным прадпрыемствам «Жыльлёва-камунальная гаспадарка г. Полацку» – аб забесьпячэньні прыбіраньня тэрыторыі пасьля правядзеньня масавага мерапрыемства”. Гэтае патрабаваньне мы лічым абсурдным – гэтыя службы і так абавязаныя абслугоўваць грамадзян, мы за гэта плацім падаткі на іх утрыманьне”.
“Чаму да пералічаных службаў не дадалі яшчэ пажарнікаў, санстанцыю, рыбнагляд ці яшчэ кагось? – зьдзіўляецца Віктар Стукаў. – Мы будзем абскарджваць гэтую забарону ў судзе і іншых структурах, таму што гэта ёсьць умяшаньнем улады ў дзейнасьць прафсаюзу, парушэньнем правоў грамадзян, чальцоў прафсаюзу. Міжнароднымі нормамі, якія абавязковыя для выкананьня ўладамі, такое ўмяшаньне забароненае. Абавязкам уладаў ёсьць забесьпячэньне магчымасьцяў грамадзянам карыстацца сваімі правамі. Улады гэтага не выконваюць”.
У траўні мінулага году за правядзеньне недазволенага пікету актывісты СПБ Віктар Стукаў і Мікола Шарах былі аштрафаваныя на 11 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (550 даляраў). Пасьля пікету спадар Шарах быў гвалтоўна затрыманы ў пад’езьдзе свайго дому міліцыянтамі. А з надуманай падставы ў офісе СПБ быў праведзены ператрус.
Як распавялі ў СПБ, на ААТ “Полацак-Шкловалакно” наймальнік і праўладны прафсаюз адхілілі свабодны прафсаюз ад удзелу ў калектыўных перамовах. Гэта зьяўляецца парушэньнем артыкулу 45 Генэральнага пагадненьня. Таму, як заявілі прафсаюзныя актывісты, СПБ вымушаны пачаць працэдуру падрыхтоўкі да страйку.
Што тычыцца лідэраў прафсаюзу РЭП, адзін з кіраўнікоў якога, Ігар Комлік, утрымліваецца пад вартай з пачатку жніўня, то, на думку прафсаюзных дзеячаў з Полацку, крымінальная справа супраць іх была распачатая з надуманых прычынаў.
Прафсаюзныя актывісты падкрэсьліваюць:
Умяшаньне ўладаў ў дзейнасьць прафсаюзаў забароненая Канвэнцыяй Міжнароднай арганізацыі працы № 98 (арт. 2). Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох (арт. 19, 21) беларускія ўлады абавязаныя забясьпечваць (а не абмяжоўваць) грамадзянам права на свабоду сходаў і свабоду меркаваньняў. А згодна зь Венскай канвэнцыяй “Аб праве міжнародных дамоваў” (арт. 26, 27), дзяржава абавязаная выконваць ратыфікаваныя міжнародныя дамовы і ня можа спасылацца на нацыянальнае заканадаўства пры невыкананьні міжнароднай дамовы.
Аляксандар Марозаў