Зьмены зводзяцца да наступнага.
У першым пункце рашэньня словы «вучэбна-спартовай установай «Спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартовая школа алімпійскага рэзэрву «Камсамолец» замянілі словамі «вучэбна-спартовай установай «Спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзэрву «Камсамолец» г. Віцебску».
А ў падпункце 3.2 пункту 3 словы «установай аховы здароўя «Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка» былі замененыя на словы «упраўленьнем аховы здароўя Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту».
Відавочна, што гэтыя зьмены – фармальнасьць, прадыктаваная толькі тым, што зьмянілася назва спартовай школы, а станцыя хуткай мэдычнай дапамогі была перападпарадкаваная абласному ўпраўленьню аховы здароўя. Такім чынам, ніякіх радыкальных зьменаў у рашэньне гарвыканкаму ўнесена не было, і мясцовыя ўлады гораду і надалей будуць на падставе гэтага рашэньня забараняць праводзіць масавыя мерапрыемствы ў Віцебску, як яны гэта робяць цягам ужо васьмі гадоў.
Варта сказаць, што з дня прыняцьця рашэньня №881 апазыцыйныя палітычныя структуры настойліва дамагаюцца ад гарадзкіх уладаў прывесьці яго ў адпаведнасьць з палажэньнямі беларускай Канстытуцыі і міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў грамадзян на мірныя публічныя сходы. Але ўлады раз-пораз заяўляюць, што рашэньне ня мае патрэбы ў кардынальных зьменах, бо яно пасьпяхова прайшло прававую і юрыдычную дзяржаўную экспэртызу.
Праваабаронца Леанід Сьвецік мяркуе, што, адмовіўшыся істотна зьмяняць рашэньне №881, улады прапусьцілі рэдкі момант перавесьці магчымасьць правядзеньня вулічных акцыяў у цывілізаванае рэчышча. Напрыклад, яны маглі б выкрасьліць зь яго абсурднае патрабаваньне да заяўнікаў заключаць дагавор зь міліцыяй, работнікі якой і без усялякіх дамоваў абавязаныя прысутнічаць на масавых сходах грамадзян і ахоўваць грамадзкі парадак.
«Апошнімі гадамі нашы чыноўнікі добра навучыліся прымаць і зьмяняць нарматыўныя прававыя акты (НПА) такім спосабам, каб ўсе іх рашэньні спрычыняліся толькі да большых цяжкасьцяў для грамадзян рэалізоўваць свае правы. Асабліва гэта тычыцца НПА, якія абмяжоўваюць палітычныя і грамадзянскія правы грамадзян, у прыватнасьці права на мірныя сходы», – выказаў сваё меркаваньне Леанід Сьвецік. Праваабаронца раіць усім апазыцыйным сілам далей гарліва патрабаваць ад уладаў зьменаў мясцовых падзаконных актаў, якія тычацца атрыманьня дазволаў на правядзеньне масавых мерапрыемстваў.
«Толькі ўзгодненыя і руплівыя дзеяньні апазыцыянэраў дазволяць дамагчыся ад віцебскіх уладаў прывесьці свае НПА ў прававыя межы дзейнай Канстытуцыі краіны. У выпадку перамогі масавыя мерапрыемствы стануць даступным інструмэнтам палітычнай барацьбы для партыйных актывістаў і штодзённай рэччу ў Віцебску», – упэўнены праваабаронца.
Лявон Яфрэменка