Шэраговым беларусам, і віцяблянам у прыватнасці, застаецца толькі дзівіцца, як хутка вырашаюцца пытанні з жытлом і праводзяцца бюракратычныя працэдуры, калі гэта адбываецца па рашэнні «зверху». Віцебская абласная газета «Витебские вести» паведаміла, што сямʼя Карозаў, якая 5 жніўня падала дакументы на атрыманне беларускага грамадзянства, ужо атрымала беларускія пашпарты. Уручэнне дакументаў адбывалася ва ўрачыстай абстаноўцы ў актавай зале ўправы МУС Віцебскага аблвыканкаму.
Маці Іллі Карозы знайшлі працу поварам у РУП «Віцебскэнэрга», сам падлетак з 1-га верасня будзе вучыцца ў кадэцкай вучэльні, ягоная сястра Сафія прынятая ў гімназію №3, а малодшы брат Даніэль без усялякай чаргі ўладкаваны ў дашкольную ўстанову. Што да Academy KidsTV, то па пратэкцыі Лукашэнка яна таксама будзе працаваць у Беларусі. Усю апаратуру на суму каля 50-ці тысяч еўра ўжо перавезлі ў Віцебск пад адмысловай міліцэйскай аховай, і віцебскія ўлады знайшлі для яе памяшканне. Беларускія ўлады паабяцалі прафінансаваць установу, каб яна ахапіла сваёй дзейнасцю ўсе абласныя цэнтры. Такая задача пастаўлена перад заснавальніцай акадэміі, грамадзянкай РФ Надзеі Бухаравай – бабуляй Іллі Карозы.
"Я не вижу смысла возвращаться в Ригу и отвоевывать академию, делать реабилитацию того, что растоптали. Понимаю, что этой стране, наверное, это не нужно. Тем более там сейчас полностью идет уничтожение русского языка. И если оно началось с образования, то сейчас переносится на творческие коллективы… Я считаю, что этот проект в Латвии себя завершил", сказала Надзея Бухарава ў інтэрв’ю БЕЛТА.
Эмілія Протас