Cустрэча з бардам, пісьменьнікам і журналістам Зьмітром Бартосікам адбылася ў Глыбокім. Ён прэзэнтаваў трэцюю па ліку, нядаўна выдадзеную кнігу, “Клініка кітайскага дантыста”. А таксама чытаў свае эсэ з сэрыі “Беларускія тараканы” ды сьпяваў “Старыя песьні на новыя тэксты”.

19 сьнежня актывісткі аргкамітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» трапілі на прыём да намесьніка старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктара Глушына. У часе сустрэчы Тацяна Севярынец, Ірына Захарава і Алена Шабуня выказалі чыноўніку заклапочанасьць намерам пабудаваць Палац шлюбаў на тэрыторыі ахоўнай зоны Ніжняга замку.

На перадапошніх у гэтым годзе занятках бясплатных лекцыйных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага гораду» архітэктары Аляксандар Міхайлюкоў і Глеб Арлоўскі падзяліліся з прысутнымі сваім бачаньнем адносна рэгенэрацыі, рэстаўрацыі і захаваньня аб'ектаў культурна-гістарычнай спадчыны Віцебску. Лекцыя пад назвай «Чорная і чырвоная кнігі Віцебску, аскепкі архітэктурнай спадчыны» сабрала амаль поўную залю слухачоў.

Вядомы беларускі паэт і перакладчык Уладзімер Папковіч прэзэнтаваў 17 сьнежня ў Віцебску новы зборнік вершаў і тры кнігі перакладаў, выдадзеных у 2018 годзе. Сустрэча з чытачамі “Вынікі году: вершы, пераклады” прайшла ў Віцебскай абласной бібліятэцы ў межах праекту “Чалавек слова”.

Пытаньне меркаванага будаўніцтва ў Віцебску Палаца шлюбаў набыло палітычную афарбоўку. У справу ўступілі апазыцыянэры. На думку старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Кастуся Смолікава, палац можа нанесьці шкоду гістарычнаму цэнтру гораду, у сувязі з чым ён накіраваў скаргу старшыню абласнога выканаўчага камітэту Мікалаю Шарстнёву.