“Філіял “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” гатовы супрацоўнічаць па пытаньні агучваньня назваў прыпыначных пунктаў у салёнах аўтобусаў г. Ворша на беларускай мове, але матэрыялы з перакладзенымі і агучанымі на беларускай мове назвамі прыпыначных пунктаў да гэтага часу на адрас філіялу “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” ад Вас не паступалі”, – гаворыцца ў адказе першага намесьніка старшыні Аршанскага райвыканкаму Сяргея Паца.
Прапанова да актывістаў самастойна і на добраахвотнай аснове перакласьці назвы прыпынкаў на беларускую мову і перадаць матэрыялы транспартнікам гучала ад кіраўніцтва аршанскага аўтапарку яшчэ ў 2015 годзе. Але тады супрацоўніцтва так і не атрымалася, хаця ахвотныя зрабіць такі пераклад былі. Ці дойдзе да справы зараз?..
Нагадаем, раней аршанскія актывісты атрымалі адмоўны адказ на сваю прапанову ад намесьніка генэральнага дырэктара ААТ “Віцебскаблаўтатранс” Сяргея Залескага. “У цяперашні час прыпынкі абвяшчаюцца на адной зь дзяржаўных моваў – на расейскай, і гэта не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь», – пісаў Залескі.
Зьміцер Міраш