Панядзелак, 11 Лістапад 2019

Сяргей Нікалюк у Віцебску: Лукашэнка – чалавек дадзяржаўнай культуры

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Палітоляг Сяргей Нікалюк Палітоляг Сяргей Нікалюк

На сустрэчы ў Віцебску вядомы палітоляг Сяргей Нікалюк аналізаваў падзеі ў Беларусі і па-за яе межамі, абапіраючыся на сучасныя паліталягічныя тэорыі.  Параіў прысутным прачытаць «Маральныя асновы адсталага грамадзтва» Эдварда Бэнфілда ды працы Ўладзімера Лефевра. Сустрэча з палітолягам адбылася ў «Эўрапейскім клюбе».

Пра дзьве маральныя сыстэмы

«Першая сыстэма характарызуецца размытасьцю паміж дабром і злом. У гэтай сыстэме не разьвіты дыялёг. Калі розьніцы паміж дабром і злом не існуе, то і абмяркоўваць няма чаго. Другая сыстэма характарызуецца выразнай мяжой паміж дабром і злом, а значыць, і разьвітым дыялёгам», – тлумачыў Сяргей Нікалюк.

Як прыклад другой маральнай сыстэмы навукоўца прывёў адхіленьне ад улады прэзыдэнткі Паўднёвай Карэі. Яе знаёмая скарысталася сяброўствам для атрыманьня эканамічных выгадаў – і на вуліцы Сэула выйшлі з пратэстамі каля мільёну грамадзян. Пасьля імпічмэнту прэзыдэнт і яе сяброўка былі асуджаныя на вялікія тэрміны. У межах такой маральнай сыстэмы прэзыдэнт ня можа быць карупцыянэрам.

Жырыноўскі і дабро…

Прыкладна ў той жа час выйшаў фільм Навальнага «Ён вам не Дзімон». У чатырох эпізодах кіраўнік расейскага ўраду абвінавачваецца ў карупцыі. Для Мядзьведзева гэта нічым не заканчваецца, аднак і ў суд на Навальнага ён не падае. На паседжаньні Думы ніхто гэтае пытаньне не ўзьнімае.

«Ні маю партыю, ні мяне, ні маіх выбарцаў гэта не цікавіць!» – так на гэта рэагуе Жырыноўскі.

Сяргей Нікалюк інтэрпрэтаваў адказ Жырыноўскага больш шырока: «Так, кіраўнік ураду ў прынцыпе можа быць сумленным чалавекам. Аднак ён можа быць і карупцыянэрам. Але ж якая розьніца? Мы сур'ёзныя людзі – і раптам пачнём абмяркоўваць, лысым альбо кучаравым мусіць быць кіраўнік ураду? Не існуе розьніцы паміж дабром і злом – дык і абмяркоўваць няма чаго».

Беларусь маніхейская

На думку Нікалюка, найважнейшай характарыстыкай беларускай культуры ёсьць маніхейства.

Падчас сустрэчы

Маніхейства – гэта ўяўленьне пра сьвет як арэну апошняй бітвы паміж хлусьнёй і праўдай, сьвятлом і цемрай. Што цікава, прыхільнікі гэтай ідэі заўжды выступаюць на баку сьвету. На гэтым супрацьстаяньні будавалася ўся савецкая ідэалёгія. «Калі ты ня з намі – ты вораг» – гэта лёзунг маніхеяў. Нецярплівасьць да іншадумцаў уласьцівая бальшыні беларусаў.

«Беларусь прапаноўвае эўрапейскі дыялёг і абсалютна ня здольная арганізаваць дыялёг унутры краіны», – кажа палітоляг.

«Між сям’ёй і дзяржавай – нічога агульнага»

Як пераконвае Нікалюк, сучасны чалавек жыве ў двух вымярэньнях. Першае – «бліжэйшае кола», яно складаецца са знаёмых нам людзей. Стасункі ў ім наладжваюцца на эмацыйнай аснове. Але ёсьць і дальняе кола. Прычым гэтыя вымярэньні рэгулююцца абсалютна рознымі законамі. Нічога агульнага паміж імі няма, але бальшыня людзей пра гэта нават не здагадваецца. Зазвычай людзі прымаюць дальняе кола за бліжняе.

Лукашэнку называюць «бацькам». Гэты назоў паходзіць ад уяўленьня дзяржавы як сям’і. На чале патрыярхальнай сям’і стаяў галава сям’і. Насамрэч між сям’ёй і дзяржавай няма нічога агульнага.

«Фэномэн Беларусі заключаецца ў тым, што на чале дзяржавы стаіць чалавек дадзяржаўнай культуры», – сьцьвярджае палітоляг.

Дзяржаўная ж культура характарызуецца здольнасьцю да абстрактнага думаньня, усе дзяржаўныя характарыстыкі – абстрактныя.

«Людзі, замкнутыя выключна на сваю сям’ю, няздольныя да супрацоўніцтва. Агульныя пытаньні іх не хвалююць, і да аб’яднаньня яны ня здольныя. Праблема ўзаемадачыненьняў – адна з праблемаў беларускага грамадзтва», – упэўнены Сяргей Нікалюк.

«У бліжнім коле добра тое, што чалавек робіць за свой кошт, не ствараючы праблемаў іншым. У дальнім – добра тое, што адпавядае мэйнстрыму, а мэйнстрым сёньня – гэта пераход ад індустрыяльнага грамадзтва да постіндустрыяльнага. І гэты пераход патрабуе новага чалавека і прынцыпова новую культуру», – казаў выступоўца.

«Пры пераходзе ад індустрыяльнай эканомікі да постіндустрыяльнай – адбываецца пераход ад каштоўнасьцяў выжываньня да каштоўнасьцяў самаразьвіцьця», – дадае.

Краіны «рысавай культуры»

Ангус Мэдысан увёў такое паняцьце, як залежнасьць ад папярэдняга шляху разьвіцьця. Вывучыўшы эканамічнае разьвіцьцё шэрагу краінаў, ён разьмеркаваў іх па трох групах у залежнасьці ад разьвіцьця. Эканаміст пабачыў, што за 150 гадоў нічога не зьмянілася: багатыя краіны засталіся багатымі, сярэднія – сярэднімі, а бедныя – беднымі.

З гэтага шэрагу выбіліся толькі 5 краінаў, з катэгорыі «бедных» яны перайшлі ў першую. Гэта Паўднёвая Карэя, Тайвань, Сынгапур, Японія і Ганконг. Кітай і Віетнам ідуць у тым жа напрамку. Усе гэтыя краіны – краіны так званай рысавай культуры.

Культуры бываюць экстэнсіўнымі і інтэнсіўнымі. Асваеньне цаліны – самы яркі (і дурны) прыклад экстэнсіўнай культуры. Эўропа перайшла ад экстэнсіўнай эканомікі да інтэнсіўнай пасьля буржуазных рэвалюцый. А вось традыцыйныя культуры, якія вырошчвалі рыс, ад пачатку былі інтэнсіўнымі, бо на крутых схілах прыйшлося ня толькі стварыць рысавыя палі, але і падаваць туды ваду. Гэтым палям тысячы гадоў. Гэта і ёсьць інтэнсіўнае выкарыстаньне зямлі.

Пры тым ніхто з гэтых народаў не стварыў сучаснай навукі. Атрымаўшы магчымасьць далучыцца да навуковых здабыткаў цывілізацыі, яны пачалі бурна разьвівацца. Сёньня ў ЗША 259 тысячаў кітайскіх студэнтаў, але і ў самім Кітаі ўжо шэсьць унівэрсытэтаў уваходзяць у топ-100.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.