Адказ міністэрства апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку віцебскі журналіст Зьміцер Казакевіч.
“Міністэрствам культуры накіраваны ліст у Браслаўскі раённы і Віцебскі абласны выканаўчыя камітэты з патрабаваньнем прыняць меры па факце ўстаноўкі памятнага знаку з парушэньнем дзеючага заканадаўства”, – гаворыцца ў адказе першай намесьніцы міністра культуры Натальлі Карчэўскай.
Яна таксама паведамляе, што “Інстытутам гісторыі быў выяўлены шэраг гістарычных супярэчнасьцяў у надпісе на памятным знаку”.
“Фактычныя памылкі і недакладнасьці” ў тэксьце на памятным знаку пералічваюцца ў лісьце, дасланым Інстытутам гісторыі НАН Беларусі на запыт Міністэрства культуры.
У прыватнасьці, Інстытут гісторыі пацьвярджае факт, што “імпэратар Аляксандар І непасрэднага дачыненьня да стварэньня навучальнай установы ў Відзах ня мае і 1 верасьня 1803 году не падпісваў адпаведнага ўказу”. Відзы на пачатку XIX стагодзьдзя знаходзіліся на тэрыторыі Віленскай, а ня Ковенскай губерні, як сьцьвярджаецца на надпісе. Патрабуе таксама ўдакладненьня напісаньне назвы навучальнай акругі, а выраз “городское уездное училище” некарэктны (гарадзкія вучэльні зьявіліся толькі ў 1872 годзе).
“Такім чынам зьмест запісу на памятным знаку ў гонар заснаваньня ў Відзах павятовага вучылішча патрабуе ўдакладненьня ў адпаведнасьці з гістарычнымі фактамі”, – падсумоўвае намесьнік дырэктара па навуковай працы Інстытуту гісторыі Вадзім Лакіза.
Інстытут гісторыі: герб Расейскай імпэрыі не супярэчыць гістарычнай рэчаіснасьці...
Між тым, на пачатку ліста ён сьцьвярджае, што “разьмяшчэньне на памятным знаку герба Расейскай імпэрыі не супярэчыць гістарычнай рэчаіснасьці”.
Абгрунтоўвае гэта тым, што “са згоды расейскіх уладаў навучальная ўстанова знаходзілася ў руках каталіцкага манаскага ордэну канонікаў рэгулярных латэранскіх, зьяўлялася неад’емнай часткай імпэрскай сыстэмы адукацыі, карысталася ўсімі правамі і прывілеямі, якія надаваліся дзяржавай адукацыйным установам Расейскай імпэрыі”.
Вытрымка зь ліста Інстытута гісторыі НАН РБ
Памятны камень у гонар заснаваньня ў 1803 годзе ў Відзах павятовай вучэльні быў усталяваны ў мястэчку Відзы (Браслаўскі раён) у чэрвені 2019 году зь ініцыятывы дырэктара Відзаўскага прафэсійна-тэхнічнага каледжу Міхаіла Сьмірнова. Камень з гербом Расейскай імпэрыі ўсталявалі без узгадненьня з Міністэрствам культуры і без яго дазволу.
Аўтары пэтыцыі, пад якой падпісаліся больш за 300 чалавек, прасілі дэмантаваць самавольна ўстаноўлены памятны знак, як таго патрабуе Пастанова Савета Міністраў ад 9 верасьня 2008 году №1372.
Зьміцер Міраш