Як расказалі мясцовыя жыхары, камень зьявіўся ў сквэрыку за інтэрнатам Відзаўскага прафэсійна-тэхнічнага каледжу ў цэнтры пасёлку некалькі месяцаў таму.
“1 верасьня 1803 году па ўказу цара Аляксандра І было адкрытае Відзаўскае гарадзкое павятовае вучылішча ў горадзе Відзы Ковенскай губэрні Віленскай адукацыйнай акругі”, – выбіта на камяні па-расейску.
Над самім надпісам прымацаваная шыльда з выявай гербу Расейскай імпэрыі.
Адзін з выкладчыкаў каледжу распавёў, што ідэя ўсталяваньня помнага каменю з расейскім гербам належала выключна дырэктару навучальнай установы Міхаілу Сьмірнову. Многім настаўнікам такая ідэя была не да спадобы, але ніхто асабліва не пярэчыў и не абураўся: “...мы ж людзі паднявольныя”.
“Менавіта там, у Расеі, бачыць дырэктар каледжу вытокі нашай навучальнай установы”, – сказаў наш суразмоўца.
Між тым, на афіцыйным сайце Відзаўскага прафэсійна-тэхнічнага каледжу сьцьвярджаецца, што ў 1803 годзе “павятовая вучэльня ў Відзах была адкрытая манахамі-канонікамі рэгулярнымі”.
Расейскі цар мае роўна такое ж дачыненьне да відзаўскай вучэльні, як і да астатніх навучальных устаноў колішняй імпэрыі, бо ў 1803 годзе падпісаў “Палажэньне аб упарадкаваньні навучальных установаў”.
Таксама ў 2016 годзе ў Відзах была адкрытая кавярня “Традиция 1803”, яна належыць каледжу.
Зьміцер Міраш