Кніга “Таямніцы Дуніна Марцінкевіча” была выдадзеная ў 2018 годзе ў Вільні з нагоды 210-годдзя клясыка беларускай літаратуры і стала плёнам двухгадовай напружанай працы дасьледчыка Зьмітра Дразда ў архівах. Грошы на выданьне “Таямніцаў…” зьбіралі ў тым ліку і праз краўдфандынг. Гэта ўжо сёмая кніга гісторыка-архівіста, і першая – напісаная па-беларуску.
Дунін-Марцінкевіч у жыцьці не размаўляў па-беларуску
“Захаваліся ўспаміны Ядзьвігіна Ш., які ў 70-х гадох XIX ст. вучыўся ў Люцынцы. Ён прыгадвае, што ў школе вучылі па-польску і па-руску, па-нямецку і па-француску, а беларускай мовы вучні ня чулі. У побыце Дунін-Марцінкевіч размаўляў па-польску. Толькі ў размове з панамі-суседзямі жартам праскоквалі ў яго беларускія прымаўкі і прыказкі”, – распавёў дасьледчык.
Будучы беларускі клясык лічыў сябе палякам
Аўтар “Таямніцаў Дуніна-Марцінкевіча” перакананы: няма пытаньняў у тым, што будучы клясык беларускай літаратуры на той час (40-60-я гг.) лічыў сябе палякам. Сьвет тады быў іншым. Для жыхароў тагачаснай Беларусі існавала “адзіная польская нацыя”, якая складалася з палякаў, ліцьвінаў і ўласна беларусаў.
Фота: Talaka.by
Але ня трэба лічыць, што да беларусаў адносілі толькі сялянаў. Так, да прыкладу, памешчыкаў Ражкоўскіх, якія мелі маёнткі ў Віцебскай і Магілёўскай губэрнях і зь якімі Марцінкевіч кантактаваў, у вершаваным прысьвячэньні ён называе “праўдзівымі беларусінамі”.
“Сябе ж ён лічыў ліцьвінам, прыналежным да польскай культуры. Падзел на ліцьвінаў і беларусаў тады насіў выключна тэрытарыяльны характар”, – кажа Дрозд.
Хто такі “праўдзівы беларусін”
“Паводле перакананьняў Марцінкевіча, «праўдзівы беларусін» – гэта каталік, які размаўляе па-польску і захапляецца польскай культурай. Захавалася шмат успамінаў пра тое, калі Дунін-Марцінкевіч пачаў пісаць па-беларуску. Дык ворагі зьявіліся адразу з двух бакоў. Яго не разумелі ані рускія, ані палякі, якія вінавацілі літаратара ў пашырэньні правінцыялізму”, – патлумачыў аўтар кнігі.
Чаму Дунін-Марцінкевіч пачаў пісаць па-беларуску
“Пра беларусаў ён пісаў як пра “нашых братоў”. Ён лічыў сябе палякам, а беларусаў – брацкім народам, які трэба прывучаць да польскай культуры зразумелай яму мовай. Аднак праблема Дуніна-Марцінкевіча палягала ў тым, што існавала забарона на выданьне беларускамоўных твораў і перакладаў польскім альфабэтам”, – падкрэсьліў Зьміцер Дрозд.
Падчас імпрэзы
Дарэчы, пераклад «Пана Тадэвуша», які зрабіў Марцінкевіч, таксама трапіў пад забарону. Як сьцьвярджае дасьледчык, Вінцэнт Іванавіч думаў навучыць беларускі народ польскім літарам і гэткім чынам абудзіць цікавасьць да польскай культуры.
Клясык неаднаразова быў пад сьледзтвам і сядзеў у турме
Цікава, але праблемы пісьменьніка з законам пачаліся задоўга да паўстаньня Каліноўскага. Першы раз у 21 год ён праходзіў сьведкам у крымінальнай справе, якая тычылася падробкі тэстамэнту. Крыху пазьней яго зьвінавацілі ў падробцы шляхецкіх дакумэнтаў. Прычым разбор цягнуўся амаль 10 гадоў. Ужо падчас паўстаньня супраць Марцінкевіча была распачатая палітычная справа.
У турме ён сядзеў двойчы. Першы раз быў увязьнены ў менскім турэмным замку ў 1835 годзе па падазрэньні ў падробцы каралеўскіх граматаў. Зь вязьніцы выйшаў па амністыі і дзякуючы шчасьліваму зьбегу абставінаў.
Калі ў прозьвішчы зьявіўся прыдомак “Дунін”?
Як патлумачыў Зьміцер Дрозд, прыдомак “Дунін” паходзіць ад слова “дунчык” – “датчанін”. Калі спатрэбіліся дакумэнты для пацьверджаньня свайго шляхецкага паходжаньня, свой радавод пісьменьнік вывеў ажно з XI стагодзьдзя ад нейкага Пятра Дуніна, які нібыта прыехаў да двару польскага караля.
“Але ні ў водным дакумэнце да 1832 году ні сам пісьменьнік, ні ягоны бацька, ні родныя падвойнае прозьвішча не ўжывалі. І тым ня менш – ён здолеў давесьці, што зьяўляецца сапраўдным Дуніным-Марцінкевічам. Праўда, пасьля таго ягоным сваякам прыйшлося тлумачыць, куды падзеўся іхні прыдомак…” – расказвае Зьміцер Дрозд.
Аўтар кнігі Зьміцер Дрозд
1808 – год нараджэньня будучага клясыка і сьмерці ягонага бацькі
Як вынікае з дакумэнтаў, Вінцэнт Марцінкевіч нарадзіўся ў маёнтку Панюшкавічы, куды ягоны бацька прыехаў з рэвізіяй. Пры нараджэньні хлопчык атрымаў двайное імя Вінцэнт-Якуб. Ахрысьцілі яго ў дзень нараджэньня.
“Найхутчэй гэта было нейкае дамашняе хрышчэньне. Ягонай хроснай стала родная сястра, якой было 8 год. Нараджэньне, відаць, было датэрміновым, бо пасьля таго як немаўля акрыяла, яно было ахрышчанае паўторна ў касьцёле. Неўзабаве ў гэтым жа годзе зь невядомай прычыны памірае ягоны бацька…” – патлумачыў аўтар кнігі.
Дочкі Марцінкевіча пабраліся шлюбам з Казімірамі Асіповічамі
Пасьля судовага разбору аб удзеле Камілы Марцінкевіч у паўстаньні Каліноўскага яе выслалі ў Салікамск. Там яна пабралася шлюбам зь мясцовым лекарам Казімірам Асіповічам. У іх нарадзілася дзевяць дзяцей. Выжылі ня ўсе. У васьмідзесятых гадах ім дазволілі вярнуцца ў Вільню.
Прэзэнтацыя "Таямніцаў..." прайшла ў віцебскім арт-пабе "Торвальд"
Сястра Камілы прыехала ў Салікамск у 1870 годзе ўжо па добрай волі. Празь некалькі тыдняў яна ажанілася з Казімірам Асіповічам, ссыльным паўстанцам.
Ананімны верш «Гутарка старога дзеда»
Верш прыпісваюць Дуніну-Марцінкевічу. Расейскія ўлады ўспрымалі гэты твор як заклік да паўстаньня. Ён і стаў асноўным абвінаваўчым доказам удзелу літаратара ў паўстаньні Каліноўскага. Насамрэч аніякіх доказаў яго аўтарства сьледзтва не знайшло, а Вінцэнт Іванавіч адмаўляў усялякую датычнасьць да напісаньня гэтага верша. Але пасядзець у турме прыйшлося…
Хто насамрэч зьяўляецца аўтарам вершу, дагэтуль невядома.
С. Салодкі, фота аўтара