“Мы плянуем сабраць дастаткова сродкаў на выданьне 5-га і 6-га тамоў “Дзёньнікаў” Рыгора Барадуліна. На 5-ы том неабходна 3430 рублёў. Вельмі спадзяемся на далейшае выданьне з дапамогай усіх, хто любіць і шануе творчасьць Рыгора Барадуліна”, – піша аўтарка праекту на краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.org Ірына Сьляповіч.
“Гэта – справа гонару кожнага беларуса. Калі не мы, дык хто?..” – заклікае.
Першы том “Дзёньнікаў і запісаў” Рыгора Барадуліна пабачыў сьвет у 2015 годзе, праз год пасьля сьмерці Народнага паэта Беларусі. Кнігу тады назвалі “першым помнікам дзядзьку Рыгору ў Беларусі”. Укладала і рэдагавала яе, як і наступныя тамы, Натальля Давыдзенка. У першы том увайшлі запісы са школьнага і студэнцкага дзёньнікаў паэта, запісы і нататкі 1951-1969 гг. Там жа ўпершыню была апублікаваная самая першая і раней невядомая паэма Барадуліна “Зацьвітаюць купавы” (1958-1959).
Апошні, чацьвёрты, том, зь якім мелі магчымасьць пазнаёміцца чытачы, выйшаў у 2017 годзе. Гэты выпуск “Дзёньнікаў і запісаў” ахопліваў 1983-1988 гады, ён утрымлівае нататкі пра ўдзел у працы 39-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР і пра паездку ў далёкія і загадкавыя Індыю і Нэпал, а таксама ня менш цікавыя – у Францыю, Баўгарыю ды Польшчу. У кнізе таксама публікуюцца раней не друкаваныя вершы Барадуліна, вясёлыя сяброўскія віншаваньні, прысьвячэньні і малюнкі.
Выдаўцы мяркуюць, што матэрыялу хопіць яшчэ на некалькі тамоў.
Прапанаваць дапамогу ў выданьні 5-га тому “Дзёньнікаў” можна на сайце Talaka.org. Назва праекту – “Дзёньнікі і запісы” Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна – наш агульны скарб”.
Зьміцер Міраш